Пракуратура Смаргонскага раёну падтрымала дзяржаўнае абвінавачаньне ў справе аб хуліганстве, паведамілі БелТА ў службе інфармацыі пракуратуры Горадзенскай вобласьці.
Справу разглядалі ў дачыненьні 16-гадовага і 17-гадовага мясцовых жыхароў, якім інкрымінавалі злоснае хуліганства з ужываньнем гвалту, якое вылучаецца выключным цынізмам. Як выявілі ў час судовага сьледзтва, нецьвярозыя падлеткі ў вячэрні час 4 жніўня 2025 году паблізу дому № 1 па вул. Дзяругі «з хуліганскіх памкненьняў прынізілі чалавечую годнасьць 15-гадовага мясцовага жыхара, праявіўшы да яго п’яную ўдаласьць і нічым не апраўданую агрэсію».
У прыватнасьці, 17-гадовы абвінавачаны схапіў пацярпелага рукой за горла, пасьля чаго нанёс яму ня менш як адзін удар у жывот. Затым абодва абвінавачаныя схапілі пацярпелага пад рукі і прымусілі прайсьці ў сутарэньні аднаго з дамоў.
Там яны пачалі біць хлопца: нанесьлі ня менш за 18 удараў рукамі і нагамі ў галаву, па руках і тулаве. Прымусілі стаць на калені і папрасіць «прабачэньня», пры гэтым іншая асоба запісвала падзеі на камэру мабільнага тэлефону. Відэазапіс пазьней змантавалі з накладаньнем візуальных і гукавых эфэктаў і разьмясьцілі ў закрытай супольнасьці ў Telegram.
З улікам пададзеных дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Смаргонскага раёну вынес абвінаваўчы прысуд. На падставе ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу 17-гадоваму абвінавачанаму прызначылі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады, а да яго 16-гадовага прыяцеля прымянілі прымусовую меру выхаваўчага характару — на 2 гады адправілі ў адмысловую выхаваўчую ўстанову.
Вырак у законную сілу не ўступіў, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.
Форум