Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС Беларусі паведамілі, колькі чалавек летась асудзілі за гвалт ці абразу міліцыянтаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі заявілі, што галоўнае ўпраўленьне ўласнай бясьпекі пастаянна робіць захады дзеля «абароны гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі» міліцыянтаў і вайскоўцаў унутраных войскаў.

«Летась за гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, а таксама за абразу і супраціў ім асудзілі амаль 300 чалавек. Разам з тым прафіляктычная работа дае адчувальныя вынікі, агульная колькасьць падобных крымінальных учынкаў значна скарацілася», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У МУС папярэдзілі, што закон прадугледжвае жорсткае пакараньне за такія дзеяньні, у тым ліку пазбаўленьне волі да сямі гадоў.

«У час лічбавізацыі і росту інфармацыйных патокаў таксама рэгіструюцца факты правакацыяў, пашырэньня хлусьлівых зьвестак і спробы ціску на міліцыянтаў у інтэрнэце. Гэтыя дзеяньні не застануцца беспакаранымі! У мэтах адсочваньня супрацьпраўных дзеяньняў бесьперапынна праводзіцца маніторынг усясьветнай павуціны», — паведамілі ў ведамстве.

У МУС заявілі, што гвалт або пагроза ўжываньня гвалту супраць міліцыянта ёсьць «замахам на грамадзкую бясьпеку».

У Беларусі пасьля масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе пачаўся масавы перасьлед грамадзян, якія зьбіралі і распаўсюджвалі інфармацыю пра міліцыянтаў, датычных да гвалту супраць пратэстоўцаў. Многія зь іх дагэтуль адбываюць пакараньні, у той час як факты жорсткага стаўленьня міліцыянтаў да затрыманых і асуджаных паводле палітычных матываў улады ігнаруюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG