Як стала вядома Свабодзе зь інфармаваных крыніц, грамадзянін Беларусі Дзьмітры К. (рэдакцыі вядомае яго поўнае імя, але мы яго не называем у мэтах бясьпекі) прыехаў ва Ўкраіну ў 2021 годзе праз аэрапорт у Адэсе, і з таго часу больш ня езьдзіў на радзіму.
Адэскі абласны цэнтар занятасьці выдаў яго працадаўцам дазвол на выкарыстаньне працы іншаземца, дзейны з 4 сакавіка 2021 году да 23 сакавіка 2024 году. Але ў 2023 годзе гэты дазвол анулявалі, і, адпаведна, на падставе гэтага рашэньня міграцыйная служба скасавала выдадзены яму дазвол на пражываньне на гэты ж пэрыяд.
Летась у чэрвені яго затрымалі і склалі акт аб парушэньні правілаў знаходжаньня іншаземных грамадзян ва Ўкраіне, прысудзілі яму штраф у памеры 5 100 грыўняў (прыблізна 120 даляраў у эквіваленце. — РС) і абавязалі да 5 ліпеня 2025 году выехаць з Украіны ў краіну паходжаньня або ў трэцюю краіну. Дзьмітры не сплаціў штраф і ня выехаў.
17 лютага яго затрымалі супрацоўнікі ўпраўленьня стратэгічных расьсьледаваньняў абласной паліцыі. Суд вырашыў, што Дзьмітры ня мае «ніводнай падставы», якая перашкодзіла б яго прымусоваму выправаджаньню з тэрыторыі Ўкраіны.
На падставе таго, што беларус ня меў дакумэнтаў, што дазваляюць яму знаходзіцца ва Ўкраіне, суд ухваліў рашэньне аб зьмяшчэньні яго на 6 месяцаў да 17 жніўня 2026 году ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі, для далейшага прымусовага выправаджаньня.
Вядома, што дзеяньне беларускага пашпарта Дзьмітрыя заканчваецца сёлета ў траўні. Ён жыў і прынамсі апошні час працаваў перакладчыкам у Адэсе.
Яго адвакатка падала скаргу ў апэляцыйны суд на гэтае рашэньне суда.
Форум