Як паведамляе Белстат у аглядзе «Сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусь у студзені 2026 году», сытуацыя ў эканоміцы, асабліва ў апрацоўчай прамысловасьці, імкліва пагаршаецца. Аб’ём прадукцыі апрацоўчай прамысловасьці ў 2025 годзе зьнізіўся на 2,5% у параўнаньні з 2024 годам, а ў студзені 2026 году — на 7,5% у параўнаньні з студзенем мінулага году.
«На 1 студзеня 2026 году запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацыяў прамысловасьці склалі 11 235,6 млн. рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці ў 2025 годзе склалі 80,3%», — паведамляў Белстат у канцы мінулага году.
Празь месяц астаткі на складах значна ўзрасьлі.
«На 1 лютага 2026 году запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацыяў прамысловасьці склалі 12 044,1 млн. рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага абʼёму вытворчасьці ў студзені 2026 году склалі 89%», — паведамляе Белстат.
Значна зьнізілася рэнтабэльнасьць продажаў у эканоміцы. Калі за студзень–лістапад 2025 году яна складала 6,6%, то ў сьнежні 2025 году — 6%.
Стратных прадпрыемстваў на 1 лістапада было 438, або 18,6% ад усіх прадпрыемстваў, іх агульныя страты складалі 2,2 млрд рублёў. На канец году стратных прадпрыемстваў паменела, іх засталося 399, або 16,8% ад усёй колькасьці, але вырасла агульная сума стратаў — да 2,6 млрд рублёў.
Дэфіцыт вонкавага гандлю таварамі і паслугамі ў 2025 годзе склаў 1,8 млрд даляраў — такія зьвесткі апублікаваў Нацыянальны банк. У параўнаньні з дэфіцытам за 2024 год ён вырас на 18,3%.
Менск за студзень 2026 году мае найгоршыя эканамічныя паказьнікі ў прамысловасьці
Як паведамляе Белстат, аб’ём прамысловай вытворчасьці ў Менску ў студзені 2026 году ў параўнаньні з студзенем 2025-га абваліўся на 12,8%. Запасы гатовай прадукцыі на складах менскіх прадпрыемстваў склалі 115,2% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці (у сярэднім у Беларусі — 89%).
Раздробны таваразварот у Беларусі ў студзені 2026 году ў параўнаньні з студзенем 2025 году вырас на 1,2%, а ў Менску — на 0,3%.
Затое жыхары Менску болей за ўсіх зарабляюць. Як паведаміў Белстат, у студзені 2026 году сярэдні намінальны заробак у Менску склаў 3747 рублёў, гэта 136% ад сярэдняга ў Беларусі.
Форум