Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашынгтон накіраваў Кіеву дэмарш пасьля нападу на порт Наварасійска

Інфраструктура КТК у Новарасійску
Інфраструктура КТК у Новарасійску

Амбасадар Украіны ў Вашынгтоне Вольга Стэфанішына паведаміла, што атрымала дэмарш (афіцыйнае дыпляматычнае апавяшчэньне) ад Дзярждэпартамэнта ЗША пасьля нападу ўкраінскіх дронаў па інфраструктуры Касьпійскага трубаправоднага кансорцыюма (КТК) у порце Наварасійска ў лістападзе 2025 года.

Пра гэта паведамляюць CNN і «Супільне».

Па словах амбасадара, ЗША не прапаноўвалі Кіеву ўстрымлівацца ад нападаў на расейскую ваенную і энэргетычную інфраструктуру ў прынцыпе. Дэмарш «быў зьвязаны менавіта з тым фактам, што там закранаюцца амэрыканскія эканамічныя інтарэсы, — сказала яна на брыфінгу 24 лютага. — Мы прынялі гэта да ўвагі».

КТК — буйны міжнародны праект з удзелам Казахстана (19%), Расеі (24%) і сусьветных нафтаздабываючых кампаній. У прыватнасьці, даччыная кампанія амэрыканскай карпарацыі Chevron валодае 15% акцый кампаніі. Працягласьць трубаправода складае 1500 кілямэтраў. КТК забясьпечвае прыкладна 80 працэнтаў казахстанскага экспарту нафты.

У ноч на 29 лістапада ў выніку ўдару марскіх дронаў была выведзена са строю прычальная прылада (ВПУ-2) у порце Наварасійска, што сур’ёзна ўскладніла пагрузку нафты, якая транспартуецца з Казахстана ў порт Наварасійска, на танкеры. Адказнасьць за атаку на ВПУ-2 МЗС Казахстана ўсклаў на Украіну, хоць афіцыйна Кіеў, у адрозьненьне ад многіх іншых нападаў на абʼекты ў Расеі, ня браў яе на сябе. Міністар энэргетыкі Казахстана Ерлан Акенжэнаў у сьнежні 2025 года заявіў, што страты нафтаздабычы з-за нападаў на КТК дасягнулі 480 тысяч тон. З лістапада ўдары па інфраструктуры КТК не наносіліся.

Улады ЗША афіцыйна не паведамлялі аб дэмаршы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG