Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гданьску пачаўся суд над бандай, у якую ўваходзілі беларусы. Падсудных падазраюць і ў выкананьні замоваў ад расейскага ГРУ

Гданьск, дзе праходзіць суд у справе, што набыла вялікі розгалас
Гданьск, дзе праходзіць суд у справе, што набыла вялікі розгалас

Справа «Альгерда Л.» зьвязаная з гандлем наркотыкамі і зброяй, а таксама шэрагу іншых злачынстваў, у тым ліку выкананьні заданьняў расейскіх спэцслужбаў. Адзін з падазраваных — зяць былога консула Беларусі ў Гданьску.

Суд у справе злачыннай групы павінен быў пачацца яшчэ ў сьнежні 2025 году, але тады адвакат аднаго зь беларусаў, Сьцяпана К., хадайнічаў аб размове са сваім кліентам, бо да таго часу ў яго не было магчымасьці зь ім сустрэцца. Сьцяпан К. — зяць былога консулу Беларусі ў Гданьску. Акрамя яго, абвінавачаньні выставілі Андрэю Б. і Яраславу С. Апошні супрацоўнічаў са сьледзтвам, таму да суду быў на волі.

Звычайна група ўчыняла крымінальныя злачынствы. Напрыклад, падпаліла рэстаран, што было часткай разборак канкурэнтаў. Таксама банда займалася гандлем зброяй пад выглядам дапамогі Ўкраіне. Удзельнікі банды сапраўды былі зьвязаныя з добраахвотніцкімі аб’яднаньнямі, якія ваююць на баку Ўкраіны, але пракуратура лічыць, што гэта было толькі прыкрыцьцём. Паводле інфармацыі Gazeta Wyborcza, частка зброі ішла з Украіны ў Польшчу, а частка — далей у Чэхію.

Асаблівую ўвагу да справы прыцягвае сувязь некаторых эпізодаў з замежнымі спэцслужбамі, якія заказвалі дывэрсіі — падпалы аб’ектаў. Адзін з асноўных падазраваных — Каміль К. — на допытах сьцьвярджаў, што ня ведаў аб тым, што заказы зыходзілі ад іх. Сьледчыя гэтаму ня вераць.

Gazeta Wyborcza, спасылаючыся на абвінавачаньне, піша, што Каміль К. і беларусы былі прыцягнутыя да дывэрсійных акцый праз старонку Lucky Strike у Telegram. Гэты ўліковы запіс шукаў «партызанаў», якія за грошы будуць падпальваць розныя аб’екты па ўсёй Эўропе. Польскія спэцслужбы мяркуюць, што яго вядуць агенты расейскага ГРУ.

У чым абвінавачваюць беларусаў

У справы шмат эпізодаў, і беларусы праходзяць па шэрагу зь іх. Паводле вэрсіі пракуратуры, на якую спасылаецца «Мост», яны маюць дачыненьне да падпалу рэстарану ў Гдыні ў 2023 годзе. Шкода тады склала амаль 3 млн злотых, і сьледчыя прыйшлі да думкі, што падпал заказалі канкурэнты аб’екту.

Сьцяпана К., Каміля К., Андрэя Б. і Яраслава С. абвінавачваюць у спробе падпалу складу ў Гданьску ў сакавіку 2024 году. Акрамя таго, Сьцяпан К. і Андрэй Б. абвінавачваюцца ў падпале складу паддонаў у Марках пад Варшавай у ноч з 8 на 9 красавіка 2024 году. Усе падпалы ўчынялі з выкарыстаньнем кактэйляў Молатава. Гэтыя дзеяньні зьвязваюць з заказам замежных спэцслужбаў.

Сьцяпана К. у дадатак падазраюць у падпале будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве ў красавіку 2024 году на заказ расейскай выведкі. Таксама гэтаму беларусу выставілі дадатковыя абвінавачаньні: за схіленьне да пабіцьця іншай асобы і спробу прычыненьня цяжкай шкоды здароўю ў абмен на маёмасную выгаду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG