Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, гэтае рашэньне ўхвалілі таму, што «на інтэрнэт-рэсурсах забаронена распаўсюджваць інфармацыю, якая можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».
Адзначаецца, што раней кааліцыю ініцыятыў Terra Group Event, SSL Production і яе ўдзельнікаў, якія адміністравалі адпаведныя сайты, у Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» фарміраваньнямі і забаранілі іх дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі.
Паводле ўладаў, дзейнасьць сайтаў была накіраваная супраць «асноў сувэрэнітэту і непахіснасьці канстытуцыйнага ладу».
Сайт terra-group.pl належыць польскаму івэнт-агенцтву Terra Group Event, якое да 2020 году мела прадстаўніцтва ў Беларусі і займалася арганізацыяй разнастайных мерапрыемстваў — прэсавых канфэрэнцый, прэзэнтацый, прэс-тураў, выставак і фэстываляў. Вядома, што яны разам з кампаніяй Wargaming праводзілі фэстываль «Дзень танкіста», піўны фэстываль у партнэрстве з ААТ «Крыніца», арт-сьвята «Плошча Цадкіна» ў партнэрстве зь «Белгазпромбанкам» і іншыя.
Сайт ssl-production.pl належыць кампаніі SSL Production, якая распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для электроннай музыкі.
Раней паведамлялася, што ў адным з гэтых агенцтваў працаваў зьніклы ў Турэччыне беларускі актывіст Анатоль Котаў.
Анатоль Котаў зьнік 21 жніўня 2025 году. Ён вылецеў з Варшавы ў турэцкі горад Трабзон, а затым нібыта пакінуў Турэччыну марскім шляхам на прыватнай яхце ў бок Сочы. Дакладных пацьверджаных зьвестак пра ягоны маршрут або месца знаходжаньня няма, і зьнікненьне выклікае шмат пытаньняў.
Анатоль Котаў раней працаваў у дзяржаўных структурах Беларусі, у тым ліку ў Міністэрстве замежных справаў і Нацыянальным алімпійскім камітэце. Пасьля выбараў 2020 году ён эміграваў у Польшчу і быў зьвязаны зь беларускім апазыцыйным рухам.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум