Як паведамляе партал Delfi, Дэпартамэнт мабілізацыі і грамадзянскага супраціву Літвы паведаміў, што ў буйных гарадах краіны будуць арганізаваныя дадатковыя бясплатныя трэнінгі «па ўстойлівасьці да гібрыдных пагроз і грамадзянскім супраціве».
«Трэнінгі па ўстойлівасьці да гібрыдных пагроз пройдуць у Вільні, Коўна, Клайпедзе, Шаўляі і Цяльшаі, а трэнінгі па грамадзянскім супраціве — у Вільні, Коўна, Клайпедзе і Цяльшаі. Трэнінгі, якія праводзяцца чальцамі Саюза стралкоў Літвы (ССЛ), будуць праходзіць па пятніцах-нядзелях», — паведаміла выданьне.
Кіраўнік дэпартамэнта, які каардынуе трэнінгі, Віргініюс Віталіюс Вілкяліс падкрэсьлівае, што тэарэтычныя і практычныя веды, атрыманыя падчас трэнінгаў, замацоўваюцца на практыцы.
«Наша мэта — каб як мага больш людзей ведалі свае варыянты дзеяньняў у розных сытуацыях, умелі распазнаваць вайсковую тэхніку і зброю праціўніка і былі псыхалягічна падрыхтаваныя. Гэтыя трэнінгі спрыяюць агульнай гатоўнасьці грамадзтва і дапамагаюць зьнізіць пачуцьцё нявызначанасьці», — кажа Вілкяліс.
У рамках трэнінгаў па ўстойлівасьці да гібрыдных пагроз удзельнікі атрымаюць базавыя веды і навыкі, якія дапамогуць ім выяўляць гібрыдныя пагрозы, прадухіліліць іх, умацоўваць устойлівасьць грамадзтва і здольнасьць адэкватна на іх рэагаваць.
Адначасова з гэтым, модуль па навыках грамадзянскага супраціву ў Клайпедзе азнаёміць з магчымасьцямі грамадзянскага супраціву, заснаванымі на досьведзе Ўкраіны. Удзельнікі трэнінгу атрымаюць веды аб асабістай і сямейнай падрыхтоўцы, даведаюцца, што рабіць у выпадку вайны і што трэба пакласьці ў эвакуацыйны заплечнік. На практычных занятках яны таксама атрымаюць веды па аказаньні першай дапамогі і абмяркуюць розныя мэтады выжываньня, перадае партал delfi.lt
У Міністэрстве абароны Літвы на добраахвотнай аснове запісваюць на вучобу патрыятычна настроеных грамадзян. Там заклікалі грамадзян, якія хочуць ведаць сваю ролю ў абароне дзяржавы і набыць практычныя навыкі, рэгістравацца ў мясцовых падразьдзелах Службы вайсковых абавязкаў і камплектаваньня.
У Літве, як і ў іншых краінах Балтыі, рэгулярна праводзяцца вайсковыя вучэньні і вучэньні па грамадзянскай абароне на выпадак вайны, ствараецца адпаведная інфраструктура.
Форум