Нягледзячы на тое, што Трамп часта праводзіць выходныя ў гэтай сваёй рэзыдэнцыі, падчас гэтага інцыдэнту ён знаходзіўся ў Белым доме, паведамляе агенцтва Associated Press. Першая лэдзі Мэланія Трамп таксама была з прэзыдэнтам.
Імя забітага не называецца. Паводле зьвестак службы аховы, яго заўважылі «каля паўночнай брамы маёнтка Мар-а-Лага, і выглядала, што ён меў стрэльбу і каністру з палівам». Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю 22 лютага а 1:30 ночы паводле мясцовага часу (9:30 паводле менскага часу).
Шэрыф акругі Палм-Біч Рык Брэдшаў, выступаючы на кароткай прэс-канфэрэнцыі, сказаў, што мужчыну сустрэлі два агенты службы аховы прэзыдэнта і намесьнік шэрыфа. Паводле шэрыфа, яму загадалі кінуць тыя два прадметы, якія ў яго былі з сабой.
«У гэты час ён паклаў каністру з бензінам і падняў стрэльбу ў пазыцыю для стральбы», — сказаў Брэдшаў. Два агенты і намесьнік шэрыфа «адкрылі агонь, каб нэўтралізаваць пагрозу».
Паводле Associated Press, застрэлены падазраваны, якому было крыху больш за 20 гадоў, паходзіў са штату Паўночная Караліна. Некалькі дзён таму ягоная сям’я паведаміла пра ягонае зьнікненьне.
Форум