Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя расказалі, як стала магчымым рабаваньне ў Люўры

Парыскі Люўр
Парыскі Люўр

Гучнае выкраданьне скарбаў з аднаго з найвядомейшых музэяў сьвету летась стала магчымым з прычыны сыстэмных правалаў у арганізацыі працы. Пры гэтым музэй працягваюць скаланаць новыя скандалы.

Да такой высновы прыйшла парлямэнцкая сьледчая камісія. Яе прадстаўнікі разгромна скрытыкавалі працу музэйнай адміністрацыі, абвінаваціўшы кіраўніцтва Люўру ў грэбаваньні пытаньнямі бясьпекі, піша Еuronews.

Аляксандар Парцье, дакладчык сьледчай камісіі, адзначыў, што бясьпека не была для кіраўніцтва музэю чымсьці першарадным:

«Цалкам відавочна, што пытаньні бясьпекі не былі прыярытэтам для кіраўніцтва на працягу некалькіх гадоў, калі не дзесяцігодзьдзяў. Размова ідзе не аб вясковым музэі, а аб найбуйнейшым музэі сьвету. Калі дзяржаўныя органы даюць вам выключныя сродкі, гэта патрабуе й выключнага кантролю».

Сябры сьледчай камісіі заклікалі звольніць дырэктарку Люўру Ляранс дэ Кар. Яна кіруе музэем з 2021 году. Адразу пасьля рабаваньня ў кастрычніку летась яна ўжо падавала ў адстаўку, але тады прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон яе не прыняў.

З моманту крадзяжу васьмі каштоўнасьцяў, якія належалі каралеўскім сем’ям Францыі ў XIX стагодзьдзі, жыцьцё Люўру было адзначанае цэлым шэрагам іншых скандалаў.

Нядаўна ў выніку паліцэйскай апэрацыі ўдалося знэўтралізаваць злачынную сетку, якая падазравалася ў махлярстве з квіткамі.

У лістападзе летась у выніку працёку вады ў бібліятэцы Дэпартамэнту эгіпецкіх старажытнасьцяў было пашкоджана некалькі соцень твораў мастацтва.

Акрамя таго, на працягу некалькіх дзён у музэі праходзілі забастоўкі: супрацоўнікі пратэставалі супраць пагаршэньня ўмоў працы, уключаючы недахоп пэрсаналу і праблемы ў забесьпячэньні бясьпекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG