Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зімовай Алімпіядзе прыпынялі розныя спаборніцтвы пасьля сур'ёзных траўмаў атлетаў з Польшчы і Аўстрыі

На бабслэйнай трасе ў Картыне д'Ампэцца
На бабслэйнай трасе ў Картыне д'Ампэцца

Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 году ў Італіі, якія праходзілі без надзвычайных здарэньняў, 20 і 21 лютага прынесьлі дзьве навіны пра траўмы атлетаў.

Увечары 20 лютага ў час спаборніцтваў у шорт-трэку моцнага пашкоджаньня зазнала спартоўка з Польшчы Каміля Сэлер. У час гонкі полька сутыкнулася з спадужніцай і атрымала ўдар каньком у твар. Яе заліла кроў, на арэне імгненна зьявіліся мэдыкі.

Цяпер з польскіх СМІ стала вядома пра тое, што лекары працягваюць працаваць з алімпійкай. У яе пашкоджаная костка на твары каля вока. Учора вока моцна апухла, і полька нічога ім ня бачыла. 21 лютага яе яшчэ чакаюць тэсты рухомасьці вока. Вядома, што ўначы спартоўка мала спала.

Ужо раніцай 21 лютага, у час ранішняй сэсіі ў бабслэі, дзе спаборнічалі мужчыны ў санках-чацьвёрках, на трасе ў Картыне д’Ампэцца перакуліліся тры экіпажы. Калі з камандамі Францыі і Трынідаду і Табага нічога сур’ёзнага не адбылося, яны проста ня здолелі фінішаваць, перакуліўшыся ў санках, дык праблемы паўсталі з камандай, якая пацярпела першай — Аўстрыяй. Пілёт квартэту Якаб Мандльбаўэр непасрэдна з трасы быў дастаўлены ў шпіталь.

На гэта момант пра здароўе аўстрыйскага спартоўца вядома няшмат. Ён застаецца ў шпіталі. З інфармацыі, якая даходзіла ад каманды, вядома, што аўстрыец скардзіцца на боль у шыі. Пасьля таго, як боб каманды перакуліўся, трое іншых удзельнікаў каманды хутка выбраліся зь яго, а пілёт доўга заставаўся нерухомым унутры санак. Спаборніцтвы былі прыпыненыя прыкладна на 20 хвілін, у гэты час аўстрыйцу надавалі першую дапамогу.

Алімпійскія гульні ў Міляне і Картыне д’Ампэцца набліжаюцца да заканчэньня. Ужо 22 лютага адбудзецца заключны дзень.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG