Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ЗША прызнаў неадпаведнымі Канстытуцыі маштабныя тарыфы Трампа

Cтаршыня Вярхоўнага суду Джон Робэртс, архіўнае фота
Cтаршыня Вярхоўнага суду Джон Робэртс, архіўнае фота

20 лютага Вярхоўны суд ЗША прызнаў неадпаведнымі Канстытуцыі краіны маштабныя гандлёвыя тарыфы, уведзеныя прэзыдэнтам Дональдам Трампам.

Рашэньне, прынятае 6 галасамі супраць 3, тычыцца тарыфаў, уведзеных у адпаведнасьці з законам аб надзвычайных паўнамоцтвах, у тым ліку маштабных «узаемных» тарыфаў, якія ён увёў датычна амаль кожнай іншай краіны, паведамляе агенцтва Associated Press.

Большасьць судзьдзяў пастанавіла, што Канстытуцыя ЗША «вельмі выразна» дае Кангрэсу паўнамоцтвы ўводзіць падаткі, у тым ліку тарыфы. Стваральнікі Канстытуцыі «не перадавалі ніякай часткі падатковых паўнамоцтваў выканаўчай уладзе», — напісаў у вэрдыкце старшыня Вярхоўнага суду Джон Робэртс.

Судзьдзі Сэмюэл Аліта, Кларэнс Томас і Брэт Кавана выказалі нязгоду з рашэньнем.

«Тарыфы, пра якія ідзе гаворка, могуць быць разумнай палітыкай, а могуць і не. Але з пункту гледжаньня тэксту, гісторыі і прэцэдэнтаў яны, відавочна, законныя», — напісаў Кавана.

У рашэньні, прынятым большасьцю, не разглядаецца пытаньне аб тым, ці могуць кампаніі атрымаць кампэнсацыю за мільярды, якія яны агулам ужо заплацілі ў выглядзе тарыфаў. Многія кампаніі, у тым ліку сетка буйных крамаў-складоў Costco, ужо падалі пазовы ў суды ніжэйшай інстанцыі, каб вярнуць гэтыя грошы.

Паводле фэдэральнай статыстыкі, якую цытуе Associated Press, па стане на сьнежань Міністэрства фінансаў ЗША сабрала больш за 133 мільярды даляраў з імпартных падаткаў, якія прэзыдэнт краіны ўвёў у адпаведнасьці з законам аб надзвычайных паўнамоцтвах.

Рашэньне Вярхоўнага суду аб тарыфах не перашкаджае Трампу ўводзіць пошліны ў адпаведнасьці зь іншымі законамі, хоць гэта мае накласьці абмежаваньні на хуткасьць і маштаб дзеяньняў прэзыдэнта ЗША. Паводле Associated Press, высокія чыноўнікі адміністрацыі ЗША заявілі, што чакаюць захаваньня тарыфнай сыстэмы ў адпаведнасьці зь іншымі паўнамоцтвамі выканаўчай улады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG