Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Вялікай Брытаніі вызваліла колішняга прынца Эндру пасьля 12 гадзін допыту ў справе Эпштэйна

Колішні прынц Эндру пасьля 12-гадзіннага допыту і вызваленьня з паліцэйскага ўчастку, 19 лютага 2026 году
Колішні прынц Эндру пасьля 12-гадзіннага допыту і вызваленьня з паліцэйскага ўчастку, 19 лютага 2026 году

Малодшага брата караля Вялікай Брытаніі Карла III, колішняга прынцы Эндру, затрыманага 19 лютага ў межах расьсьледаваньня справы памерлага амэрыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна, вызвалілі з паліцыі праз 12 гадзін.

Як паведаміла Sky News, расьсьледаваньне датычна яго будзе прадоўжана.

Аб затрыманьні Эндру 19 лютага паведамілі BBC і The Telegraph, хоць паліцыя афіцыйна імя затрыманага не называла.

Раней у лютым стала вядома аб стварэньні спэцыяльнай каардынацыйнай групы для расьсьледаваньня новых абвінавачваньняў на адрас высокіх адказных асобаў Вялікай Брытаніі, якія фігуруюць у апублікаваных дакумэнтах у справе Эпштэйна. З гэтых дакумэнтаў вынікала, што Эндру, які ў мінулым займаў пасаду гандлёвага прадстаўніка Вялікай Брытаніі, перадаваў Эпштэйну канфідэнцыйныя матэрыялы.

Новая хваля абмеркаваньня сувязяў Эпштэйна з Эндру пачалася пасьля публікацыі мэмуараў памерлай Вірджыніі Джуфрэ, якая наклала на сябе рукі ў красавіку 2025 году. У кнізе «Нічыя дзяўчынка» (Nobody’s Girl) Джуфрэ сьцьвярджала, што Эндру меў зь ёй інтымную сувязь тройчы. Паводле яе, першы эпізод адбыўся ў 2001 годзе ў лёнданскім доме Максвэл. The Guardian пісала, што тады Джуфры было 17 гадоў і колішні прынц ведаў пра гэта.

The Mail раней публікавала супольнае фота Джуфрэ і Эндру, на якой ён трымае дзяўчыну за талію. На тле скандалу Эндру быў вымушаны пакінуць сваю пасаду спэцыяльнага прадстаўніка Вялікай Брытаніі ў міжнародным гандлі і інвэстыцыях, на якой працаваў як чалец каралеўскай сям’і.

Пазьней кароль Карл III пазбавіў яго тытулаў і распарадзіўся выселіць з каралеўскай рэзыдэнцыі. Пасьля затрыманьня Эндру манарх падтрымаў расьсьледаваньне, выказаў занепакаеньне дзеяньнямі малодшага брату і паабяцаў садзейнічаць сьледзтву.

Джэфры Эпштэйн у 2008 годзе прызнаў віну ў арганізацыі прастытуцыі і быў асуджаны за згвалтаваньне непаўналетняй. Летам 2019 году яго затрымалі ў ЗША і абвінавацілі ў гандлі дзяўчатамі, у тым ліку 14-гадовымі, і схіленьні іх да прастытуцыі. У жніўні таго ж году 66-гадовы мільярдэр наклаў на сябе рукі ў турме, не дачакаўшыся суда. Яго сяброўка і, як прызнаў суд, саўдзельніца Гіслэйн Максвэл адбывае 20-гадовы тэрмін ў справе аб дапамозе ў гандлі людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG