У верасьні вінакурню, якая належыць унітарнаму прадпрыемству «Ілаўскае», прадавалі за 3,3 мільёны рублёў, праз два месяцы мінімальная цана зьнізілася да 2,2 мільёна рублёў. У рэшце цяпер завод прадалі за 1,2 млн. рублёў, што амаль у 10 разоў менш за цану на самых першых таргах.
Вінакурны завод у Ілаве — прадпрыемства з багатай гісторыяй. У свой час гэта было адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Мядзельскага раёну, там працавалі да 150 чалавек, асартымэнт прадукцыі — пладова-ягаднае віно, павідла, соўсы.
А зьявіўся бровар у Ілаве яшчэ ў 1832 годзе, у валоданьні абшарніка Акушкі. Там гналі сьпірытус зь мясцовай сыравіны. У І усясьветную вайну гэтыя мясьціны былі пад нямецкай акупацыяй. Да 1939 году бровар працаваў як прыватнае прадпрыемства ў складзе фальварку.
У дакумэнтах таго часу згадваецца, што ў 1937 годзе ўладальнікам гаспадаркі быў Аляксандар Радван-Акушка. Пасьля верасьня 1939 году землі, дзе была вінакурня, у складзе Заходняй Беларусі былі далучаныя да БССР.
Завод перажыў і ІІ усясьветную вайну, калі Мядзельскі раён зноў быў пад нямецкай акупацыяй. Адразу пасьля вайны ў будынку разьмясьцілі псыханэўралягічны інтэрнат.
За савецкім часам вінакурны завод нацыяналізавалі, тут рабілі пладова-ягадныя напоі, сьпірытус. У 1996 годзе завод стаў унітарным прадпрыемствам абласнога падпарадкаваньня. У 2000–2010 гадах прадпрыемства мадэрнізавалі. У 2011 годзе на заводзе засвоілі вытворчасьць першага ў Беларусі кальвадосу — алькагольнага напою на яблыках мацункам 45 градусаў.
Але пачынаючы з 2018 году ў прадпрыемства зьявіліся фінансавыя праблемы. Вытворчасьць стала неканкурэнтаздольнай на фоне росту цэнаў на сыравіну ды з іншых прычынаў. Ва ўрадзе нават прапаноўвалі кіраўніку кампаніі «Тытунь-інвэст» Паўлу Тапузідзісу апекавацца прадпрыемствам і дапамагчы яму з рэалізацыяй прадукцыі. Пазьней на завод прызначылі антыкрызіснага кіраўніка, само прадпрыемства сышло ў санацыю, адной з умоваў якой быў продаж вытворчасьці і прыцягненьне фундатара.
Паводле ўмоўваў конкурсу, новаму ўласьніку дасталіся ня толькі памяшканьні заводу, але і ўсё абсталяваньне, транспарт, сыравіна і іншая маёмасьць. Імя пераможцы пакуль не называлі.
Форум