Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны адрэагавала на незадаволенасьць тэрміновымі ваеннымі зборамі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны падпалкоўнік Натальля Гаўрусік патлумачыла, чаму позвы на ваенныя зборы часта прыходзіць адразу перад яўкай у ваенкамат.

Яе тлумачэньне падае ТГ-канал Міністэрства абароны:

«Па-першае, праз раптоўнасьць праверак боегатоўнасьці. Галоўная мэта такой праверкі — ацаніць рэальны стан войскаў і гатоўнасьць грамадзян да абароны Радзімы. Таму пляны не выдаюцца загадзя, а час на апавяшчэньне мінімальны і можа складаць менш за суткі.

Армія ацэньвае здольнасьць грамадзян апэратыўна зьявіцца, а частак — хутка ўкамплектавацца, што немагчыма праверыць, калі папярэдзіць загадзя.

Такім чынам, позва напярэдадні яўкі — гэта не арганізацыйная памылка, а заплянаваны элемэнт праверкі баявой гатоўнасьці».

З 16 лютага пачаўся чарговы этап праверкі боегатоўнасьці беларускай арміі.

Выданьне «Люстэрка» паведамляла, што тое, як людзей выклікаюць на зборы, спараджае абурэньне, якім беларусы дзеляцца ў сацыяльных сетках.

Чаму тэрмінова?

Беларусы абураюцца, што позвы ў ваенкамат прыносяць за лічаныя гадзіны да ўпісанага ў іх часу. Так, у TikTok завірусілася гісторыя аб тым, як мужчыну а 8.00 прынесьлі позву з патрабаваньнем зьявіцца ў вайсковы камісарыят а 9.00 таго ж дня.

Вечарам часта прыносяць позвы з загадам зьявіцца раніцай наступнага дня.

Між тым многія адзначаюць, што, згодна з пастановай ураду, позва на зборы павінна быць уручаная не пазьней як за сем дзён да іх пачатку. Раней гэты тэрмін складаў дзесяць дзён, паведамляе «Люстэрка».

Чэргі ў ваенкаматах

Другое масавае абурэньне — за працяглае чаканьне ў самых камісарыятах. Там чэргі, і людзям выдаюць позвы на зьяўленьне ў іншы час. Так, напрыклад, адзін з вайсковаабавязаных пісаў у Threads, што 17 лютага правёў у пункце збору больш за 10 гадзін:

  • «Ніхто нічога ня кажа, нас тут чалавек 200».

Некаторыя чакалі па 18 гадзін, а потым атрымалі загад прыйсьці празь дзень. Хтосьці вызваліўся толькі а чацьвёртай раніцы:

  • «Другія содні сяджу. Адпусьцілі а чацьвертай ночы адразу з позвай на 10.00».
  • «Столькі гадзін у чаканьні, і яны там бязь ежы, вады, калі не ўзялі з сабой».
  • «Увесь дзень пратрымалі ў ліцэі галоднымі і толькі ў тры гадзіны ночы адпусьцілі паесьці на пару гадзін. Цяпер зноў сядзяць, чакаюць... Гэта хіба нармальна? З сваімі дзецьмі так бы не зрабілі!»


На сямейныя абставіны не зважаюць

Як відаць з камэнтароў у Threads, мужчын на зборы адпраўляюць на месяц-два. Пры гэтым ня робяць выняткаў для тых, у каго ў сям’і малыя ці нездаровыя дзеці.

  • «У нас немаўля. На ўсе дыягназы — мае, дзіцяці і мужа — сказалі „нам пох*й“ і павезьлі. Дзе ён зараз, што зь ім, я ня ведаю, сувязі няма, забралі тэлефоны».
  • «Мужа забралі. Я была ўпэўненая, што зь дзеткамі да трох гадоў не забіраюць, але, на жаль, малой 10 месяцаў — і забралі».


Пасьпешлівасьць, брак выразнай інфармацыі аб тэрмінах і масавасьці прызыву, а таксама колькі гэта ўсё будзе працягвацца, многіх прымушаюць хвалявацца. Асабліва падчас раптоўнай праверкі боегатоўнасьці, якую наладзіў Аляксандр Лукашэнка. І хоць у камэнтарах можна прачытаць думкі, што гэта стандартныя зборы, як і заўсёды, ня ўсіх гэта супакойвае.

Што кажуць у ваенкаматах

Назваўшыся жонкай прызванага на зборы, журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў некалькі камісарыятаў. Найперш пацікавілася, з чым зьвязаная такая тэрміновасьць.

«Навошта так сьпяшацца? Гэта вы задайце пытаньне міністру абароны, вайсковаму камісару», — адказалі ў камісарыяце.

А як жа пастанова Савету міністраў, у якой ідзецца пра папярэджаньне за сем дзён? «У ваенкамаце Гомельскага раёну выказалі здагадку, што згаданы закон датычыцца плянавых збораў, а не праверкі мабілізацыйнай гатоўнасьці, а значыць, гэты тэрмін можа не выконвацца», — піша «Люстэрка».

XS
SM
MD
LG