Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі інфармацыю пра роспуск Інтэрнацыянальнага легіёну

Вайскоўцы Інтэрнацыянальнага легіёну, які быў створаны ў 2022 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Вайскоўцы Інтэрнацыянальнага легіёну, які быў створаны ў 2022 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне назвалі маніпуляцыяй інфармацыю, якую пачалі распаўсюджваць у замежных выданьнях пра «роспуск» Інтэрнацыянальнага легіёну і перакіданьні вайскоўцаў-іншаземцаў на штурмы расейскіх пазыцый.

Як адзначаецца ў відэаматэрыяле тэлеканалу «1+1», у Міністэрстве абароны Ўкраіны заявілі, што мова ідзе не пра ліквідацыю, а пра маштабную трансфармацыю.

«Цяпер падразьдзелы іншаземцаў становяцца лінейнымі батальёнамі штурмавых палкоў і атрымліваюць больш рэсурсаў і бронетэхнікі», — адзначаецца ў матэрыяле.

Іншаземцы, якія ваююць у падразьдзелах Інтэрнацыянальнага легіёну, паведамілі журналістам тэлеканалу, што яны нікуды ня зьніклі. «Мы і так пяхотны батальён Інтэрнацыянальнага легіёну Ўкраіны. Брэнд захоўваецца. Полк не ўспрымае нас асобна, мы ўжо адна сям’я», — сказаў іншаземец, які ваюе ў адным з замежных падразьдзелаў пад пазыўным «Чачэн».

Паводле яшчэ аднаго вайскоўца з пазыўным «Мота», у ранейшай структуры замежныя падразьдзелы, якія працуюць з дронамі, мелі абмежаваныя магчымасьці. «Мы вельмі эканомілі нашыя (дроны) „Вампіры“, паколькі гэта быў наш адзіны сродак. Але цяпер у складзе Code 9.2 у нас больш рэсурсаў, больш дронаў, больш бомб. Мы можам разбамбіць больш расейцаў і маем шанц забраць акупаваную імі зямлю», — дадаў вайсковец.

Камандзір роты бесьпілётнікаў у адным з падразьдзелаў легіёну з пазыўным «Джэфры» таксама зьняпраўдзіла інфармацыю аб тым, што іншаземцаў пачалі адпраўляць у пяхотныя атакі.

«Усе людзі пайшлі на тыя ж пасады, якія ў іх былі. Пілёты пайшлі ў пілёты, пяхота пайшла ў пяхоту. Ніводнага пілёта з майго падразьдзелу не забралі ў штурмавікі», — адзначыла «Джэфры».

Летам 2025 году стала вядома, што падразьдзелы Інтэрнацыянальнага легіёну, у тым ліку палка Каліноўскага, перападпарадкавалі ўкраінскім падразьдзелам розных відаў войскаў, а таксама Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Летась у кастрычніку камандзір палку Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей апублікаваў відэаазварот, у якім паведаміў пра зьмены ў кіраўніцтве фармаваньня, а таксама агучыў пляны пашырэньня палітычнай дзейнасьці. Паводле яго, усе ключавыя рашэньні будзе прымаць рада камандзіраў.

У ліпені 2024 году полк імя Кастуся Каліноўскага абвясьціў пра закрыцьцё свайго рэкрутынгавага цэнтру ў Варшаве. Тады паведамлялася, што за 2,5 года вайны празь яго прайшлі некалькі тысяч беларусаў і тоны важных тавараў для фронту. Спыненьне ўласнага рэкрутынгу было зроблена на выкананьне кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёну Мінабароны Ўкраіны. Пасьля гэтага новых байцоў набіралі праз сыстэму гэтага легіёну ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG