Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пхеньяне пабудавалі жылы квартал для сямейнікаў загінулых ва Ўкраіне «герояў-байцоў замежнай ваеннай апэрацыі»

Цырымонія адкрыцьця вуліцы, на якой разьмешчаны жылы квартал. Фота ЦТАК
Цырымонія адкрыцьця вуліцы, на якой разьмешчаны жылы квартал. Фота ЦТАК

У Пхеньяне пабудавалі жылы квартал для членаў семʼяў «герояў-байцоў замежнай ваеннай апэрацыі». Пра гэта паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).

Вуліцу, на якой разьмешчаны жылыя дамы, назвалі Сэбэр («Новая зорка»). У паведамленьні агенцтва не ўдакладняецца, пра якую замежную ваенную апэрацыю ідзе гаворка. Расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС піша, што вуліцу пабудавалі ў памяць аб удзельніках баявых дзеяньняў у Курскай вобласьці.

У цырымоніі яе адкрыцьця прынялі ўдзел Кім Чэн Ын і яго дачка Кім Чжу Э, прадстаўнікі цэнтральнага кіруючага органа партыі, члены ўрада, члены семʼяў загінулых вайскоўцаў, а таксама «байцы замежнай ваеннай апэрацыі». Членам семʼяў загінулых ваенных былі выдадзены ордэры на жылую плошчу.

Кім Чэн Ын, як гаворыцца ў паведамленьні, ініцыяваў будаўніцтва гэтай вуліцы і «кіраваў усім працэсам будаўніцтва, каб ва ўсіх элемэнтах збудаваньняў была адлюстравана шчырасьць партыі і дзяржавы ў дачыненьні да сваякоў загінулых байцоў». Падчас адкрыцьця вуліцы ён заявіў, што гэта «момант, які ўпісвае ў гісторыю Пхеньяна самую гераічную эпоху, якая ўвасабляе сілу Карэі, якая сымбалізуе веліч карэйскага народа і абараніла сьвятую годнасьць і гонар».

Акрамя таго, Кім Чэн Ын наведаў дом Кім Чон Ок — жонкі загінулага байца Аб Тхэ Чхора. «Ён з бацькоўскай любоўю акуратна агледзеў усе пакоі, кухню і іншае, выслухаў уражаньне членаў сямʼі ад усяленьня ў новы дом. Ён сказаў: мацней будзе, напэўна, туга па мужу ў выдатным доме, але як мага хутчэй трэба пераадолець смутак і жыць шчасьліва», — перадае ЦТАК.

  • Пра тое, што КНДР адправіла сваіх вайскоўцаў ваяваць супраць Украіны на баку Расеі, стала вядома ў кастрычніку 2024 года. РФ пацьвердзіла гэта ў красавіку 2025 гады. У чэрвені таго ж года сакратар Савета бясьпекі Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што Кім Чэн Ын прыняў рашэньне накіраваць у Расею адну тысячу сапёраў для разьмініраваньня тэрыторыі РФ і пяць тысяч будаўнікоў для аднаўленьня разбураных абʼектаў.
  • Yonhap са спасылкай на паўднёвакарэйскую разьведку піша, што ў цяперашні час на прыфрантавой тэрыторыі Расеі дыслякавана каля 10 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў і 1000 інжынэраў для падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны, каля 6000 паўночнакарэйскіх салдат загінулі або атрымалі раненьні. Каля 1100 вайскоўцаў, якія вярнуліся ў Паўночную Карэю ў сьнежні 2025 года, па дадзеных агенцтва, могуць быць накіраваны туды зноў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG