Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4,5 тысячы жыхароў Менску задэкляравалі «падатак на звышдаходы»

Беларускія грошы. Архіўнае фота
Беларускія грошы. Архіўнае фота

Каля 60 працэнтаў платнікаў падатку на звышдаходы ў Беларусі — жыхары Менску.

Падатак на звышдаходы за 2024 год заплацілі больш як 4,5 тысячы жыхароў Менску. Пра гэта расказаў начальнік Менскай інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў Андрэй Сабалеўскі, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

«Падатак на звышдаходы» уведзены ў Беларусі з 2024 году. Ад 1 студзеня 2024 году ўвялі падвышаную стаўку падаходнага падатку (25%) для фізычных асобаў, чые даходы (заробак, дывідэнды й іншае) перавысілі 200 000 рублёў за каляндарны год.

Ад 2026 году ў Беларусі ўвялі прагрэсіўную шкалу падаткаабкладаньня: 13% — базавая стаўка, паводле якой плаціць падаткі бальшыня насельніцтва, 25% (з даходаў 351–600 тыс. BYN) і 30% (з даходаў звыш 600 тыс. BYN).

«У мінулым 2025 годзе мы першы раз працавалі з падатковымі адлічэньнямі фізычных асобаў, у якіх даход за 2024 год склаў больш як 200 тысяч рублёў. Менавіта такая сума падлягае падаткаабкладаньню паводле стаўкі 25%. Свае даходы ў гэтай катэгорыі платнікаў задэкляравалі звыш 4,5 тысячы менчукоў, якія паказалі даход каля 2 млрд рублёў. Сума вылічанага падаходнага падатку ў іх склала 118 млн рублёў, уся яна паступіла ў мясцовы бюджэт», — сказаў Сабалеўскі.

Былі асобы, у дачыненьні да якіх нам прыйшлося складаць акты камэральных праверак, у іх ходзе выявілі неадпаведнасьць паказьнікаў падатковых дэклярацыяў і рэальных даходаў. У выніку такім грамадзянам дадалі каля 280 тысяч рублёў падаткаў, заявіў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG