Распаўсюджвае відэа Стрыжаком суправадзіў камэнтаром: «Блогер Павел Сьпірын у Літве! У бясьпецы, на волі і ў добрым гуморы!».
Сам Павал Сьпірын кажа на відэа:
«Усім прывітаньне. Вось нарэшце я выехаў зь Беларусі. Зараз знаходжуся ў Літве. Дзякуй вялікі ўсім за падтрымку, за тое, што ўсе гэтыя гады былі разам са мною і зь іншымі людзьмі, якія не пасьпелі скончыць тое, што мы павінны былі скончыць у 2020 годзе. Але ўсё наперадзе».
Павал — юрыст з адукацыі. Працаваў у дзяржаўным камунальным прадпрыемстве, але яго звольнілі з працы, калі ён узяў удзел у парлямэнцкіх выбарах. Пасьля таго Сьпірын пачаў займацца сваёй старонкай на відэаплятформе YouTube. Ягоныя палітычныя відэа зьбіралі сотні тысяч праглядаў.
У 2020 годзе блогер спрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты, але ягоную ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Тады ён стаў даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай.
Павал рэзка выказваўся пра Лукашэнку ў сваім выступе на пасяджэньні ЦВК, якое трансьлявалася ў жывым этэры, што магло стаць адной з прычын перасьледу.
Сьпірына арыштавалі ў верасьні 2020 году. Яму прысудзілі 4,5 года калёніі за «распальваньне варожасьці» ў адносінах беларускіх уладаў за два фільмы — пра наркабізнэс, якому спрыяюць найвышэйшыя міліцэйскія чыноўнікі, і пра тагачаснага генэральнага пракурора Аляксандра Канюка.
Блогер сядзеў у Бабруйску. Перад плянаваным вызваленьнем на яго завялі новую крымінальную справу за «непадпарадкаваньне адміністрацыі». Сьпірыну прысудзілі яшчэ год зьняволеньня і адправілі ў калёнію ў Горках, дзе ўтрымлівалі разам з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім.
Па сканчэньні дадатковага гадавога пакараньня Сьпірына вызвалілі.
Форум