Як паведаміў тэлеканал «Белсат», ім стаў пісьменьнік Мікола Захаранка, чыя кніга выбраных твораў «На тым краі зямлі» выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве «Дыграф».
Фэстываль пачаўся з хвіліны маўчаньня ў памяць паэта і выдаўца Рамана Цымберава, якога ня стала 10 лютага.
Ляўрэата прэміі імя Міхася Стральцова назваў сябра журы паэт Уладзімер Някляеў. Ён нагадаў, што фундатарка прэміі — удава паэта Алена Стральцова. Някляеў прызнаўся: у сьпісе прэміі ўсе літаратары і паэты «былі добрага кшталту».
«Але прэмія гэтым разам ідзе да Міколы Захаранкі, які, на жаль, ня змог прыехаць у Варшаву. Вершы зараз ён амаль ня піша, піша ў асноўным прозу. Але гэта бліскучая проза. Стральцоў быў бы ад яе ў захапленьні. У свой час савецкі дысыдэнт і філёзаф Кім Хадзееў, чалавек, які лепш за ўсіх нас разьбіраўся ў літаратуры, казаў, што самы таленавіты з паэтаў ягонага атачэньня — Мікола Захаранка. Ён прадказваў яму вялікую літаратурную будучыню. І ўрэшце словы Кіма рэалізаваліся ў гэтай прэміі. Гэта заслужаная ўзнагарода», — сказаў Уладзімір Някляеў.
Сябру Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Міколу Захаранку 76 гадоў. Ягоныя апавяданьні друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Нёман», «Дзеяслоў», «Роднае слова» ды іншых выданьнях, вершы — у «Літаратуры і мастацтве». Зборнік апавяданьняў «І тады ўдарыў бом...» вылучаўся на прэмію Ежы Гедройця. П’есу Захаранкі «Паехалі» ў 1996 годзе ставіў Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. У кнігу выбраных твораў «На тым краі зямлі» (2025) увайшлі проза, паэзія і публіцыстыка.
Прэмія імя Міхася Стральцова ўручаецца падчас фэстывалю «Вершы на асфальце» з 2018 года. Летась яе атрымаў беларускі пісьменьнік і перакладнік Кастусь Цвірка. У 2024-м ляўрэатам быў паэт Усевалад Сьцебурака. Раней пераможцамі прэміі станавіліся Алег Мінкін, Анхэля Эсьпіноса Руіс, Анатоль Вярцінскі, Наста Кудасава, Антаніна Хатэнка, Юрась Пацюпа.
Летась фэстываль праходзіў у Вільні (Літва).
Форум