Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лячэньне вядомага дасьледніка БНР Юрася Юркевіча за некалькі дзён сабралі неабходныя грошы

Юрась Юркевіч. Архіўнае фота
Юрась Юркевіч. Архіўнае фота

Але збор вырашылі прадоўжыць.

У Беларускай Радзе культуры паведамілі аб дасягненьні мэты па зборы сродкаў на лячэньне народжанага ў Эстоніі беларуса Юрася Юркевіча — вядомага дасьледніка Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Мэта дасягнутая — 15 000 эўра сабраныя! Гэта стала магчымым дзякуючы вам: 330 чалавек зрабілі пералікі і падтрымалі Юрася ў самы цяжкі момант. Але збор працягвае працаваць і надалей, наперадзе ў Юрася працяглая рэабілітацыя, а таксама хімія- і радыётэрапія, якія патрабуюць вялікіх выдаткаў. Усе сродкі, што паступаюць на асобны рахунак Беларускай Рады культуры, будуць перададзеныя непасрэдна на лячэньне Юрасю», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

Юрась Юркевіч усё жыцьцё прысьвяціў працы на карысьць Беларусі — ён адзін з галоўных знаўцаў вайсковых фармаваньняў БНР, ініцыятар усталяваньня шыльдаў у гонар БНР у Таліне і Францішка Багушэвіча ў Вільні. Менавіта Юркевіч спрыяў зьяўленьню важных мэдыйных праектаў і дапамагаў рэпрэсаваным дзеячам культуры, апошнім часам дасьледаваў пытаньне культурніцкага вынішчэньня беларускай нацыі.

Дасьледчык адшукаў кінаархівы Станіслава Булак-Булаховіча і фота з гісторыі Асобнага атраду БНР (выдадзеныя ў кнізе Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»), выдаў кнігу «Балахоўцы» (выйшла як асобны нумар часопіса Arche).

Пры канцы 2025 году ў Юрася выявілі пухліну мозгу. Пасьля апэрацыі ён сутыкнуўся з афазіяй і парушэньнем функцый правай рукі. Цяпер яму патрэбная працяглая рэабілітацыя, хімія- і радыетэрапія, што патрабуе вялікіх фізычных і фінансавых рэсурсаў.

Увесь цяжар выдаткаў ляжыць на сям’і, даходы якой ня могуць забясьпечыць усё лячэньне і рэабілітацыю.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG