Аб прэм’ерных паказах напісалі ўсе дзяржаўныя СМІ — раённыя, абласныя і агульнадзяржаўныя выданьні.
Сярод гледачоў дзеці і чыноўнікі, а на сцэне — спэцназаўцы
У Менску і абласных цэнтрах залі былі больш-менш запоўненыя, а ў раённых гарадах, як вынікае з фатаздымкаў мясцовых выданьняў, ахвочых паглядзець прапагандысцкі фільм было няшмат. Гледачы там пераважна школьнікі.
Ува ўсіх гарадах прэм’ера праходзіла паводле аднаго узору: перад паказам выступалі прадстаўнікі мясцовых ваенкаматаў, уладаў, цэнтраў культуры і кінатэатраў. У Бабруйску і Віцебску на сцэне сваё «майстэрства» паказвалі супрацоўнікі АМАПу і атраду спэцыяльнага прызначэньня «Віцязь».
Цана квіткоў ад 3 да 6 рублёў. Для дзяцей зьніжкі
У Астраўцы Горадзенскай вобласьці паглядзець Азаронка можна было за 3,5 рубля, а ў Іўі — за 3. У Вушачы Віцебскай вобласьці — 2 рублі для дарослых і адзін рубель для дзяцей да 16 гадоў.
У Менску цана квіткоў вагаецца ад 6 да 11,5 рубля. Фільм дэманструюць 11 сталічных кінатэатраў, некаторыя нават па два сэансы на дзень. Такая ж цана ў двух кінатэатрах Берасьця і Магілёва.
Хто зрабіў фільм
Фільм зьнялі на «Беларусьфільме» ў 2025 годзе. Яго стварэньне прафінансавалі фактычна зь дзяржаўнага бюджэту: пры падтрымцы Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў і Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Фільм працягласьцю 40 хвілін мае ўзроставае абмежаваньне 12+. Грыгорый Азаронак, які стаў тварам прапаганды Беларусі, выступае як яго рэжысэр. Рэдактарам стужкі стаў Артур Ільіных — беларускі рэжысэр, сцэнарыст, выкладчык, вядомы сваімі фільмамі вайсковай тэматыкі: «Масква — Бэрлін», «Чалавек вайны», «Апошні браняпоезд» і «Берасьцейская крэпасьць». Кансультантам стаў яшчэ адзін прарасейскі прапагандыст, цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін.
Пра што стужка
У анатацыі «Беларусьфільму» сказана, што гэты фільм «глыбока дасьледуе тэму абароны Радзімы праз раскрыцьцё асобаў тых, хто першымі становяцца на абарону краіны ў момант небясьпекі».
У фільме выкарысталі відэазапісы з розных вайсковых вучэньняў.
Што кажуць гледачы
У афіцыйнай прэсе толькі захопленыя водгукі.
«Гэта фільм пра любоў да Радзімы, якая, як браня, робіць нашых воінаў непераможнымі», — напісала раённае выданьне slavgorod.by.
«Гэта напамін цаніць тое, што маем, і быць удзячнымі тым, хто штодзень захоўвае гэты мір для нас», — вушацкая газэта «Патрыёт».
«На варце нашай Радзімы стаяць надзейныя, моцныя і адданыя сваёй справе людзі, і гэта дае ўпэўненасьць у заўтрашнім дні», — дрыбінская газэта «Савецкая вёска».
У сацыяльных сетках успрынялі гэты фільм як чарговую нікому не патрэбную прапаганду.
Сярод камэнтароў пад допісамі з афіцыйнымі відэасюжэтамі пра прэм’еру карыстальнікі пакінулі наступныя камэнтары:
«Калі ў сучаснасьці няма чым ганарыцца краіне, яна выцягвае навонкі патрыятызм і ворагаў».
«На каго гэта разьлічана ўвогуле? [...] калі-небудзь вылезуць з саўка?».
«Касавыя зборы, напэўна, „перасягнуць“ Аватар і Фарсаж!))) гэта ж „шэдэўр“, а ня нейкі Галівуд!)».
Форум