Украінскі скелетаніст Уладзіслаў Гераскевіч быў дыскваліфікаваны зь зімовых Алімпійскіх гульняў у Міляне ў чацьвер за выкарыстаньне шалома з выявамі ўкраінскіх спартоўцаў, якія загінулі ў вайне з Расеяй пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Пра гэта піша Reuters з спасылкай на спартоўца.
Яму паведамілі пра дыскваліфікацыю пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту Кірсьці Ковэнтры раніцай на горцы. Украінская каманда заявіла, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў Спартовым арбітражным судзе.
Спаборніцтвы ў скелетоне пачнуцца пазьней у чацьвер 12 лютага.
Міжнародны алімпійскі камітэт раней атрымаў ад украінскага боку запыт аб дазволе скелетаністу Ўладзіславу Гераскевічу насіць на спаборніцтвах шалом з партрэтамі спартоўцаў, якія загінулі ў выніку расейскай агрэсіі.
МАК паведаміў, што «цалкам разумее» жаданьне ўкраінскіх спартоўцаў ушанаваць памяць сваіх загінулых сяброў і калегаў. Але Алімпійская хартыя і ўмовы ўдзелу патрабуюць «засяродзіцца на выніках і спорце». МАК прапанаваў выкарыстоўваць чорную павязку без пэрсаналізацыі ў якасьці альтэрнатывы, а таксама стварыў «адмысловае месца жалобы» для падтрымкі спартоўцаў у алімпійскіх вёсках.
Але Гераскевіч пастанавіў далей надзяваць свой шалом.