Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся збор сродкаў на лячэньне Юрася Юркевіча — вядомага дасьледніка БНР

Юрась Юркевіч. Архіўнае фота
Юрась Юркевіч. Архіўнае фота

У дасьледніка дыягназавалі пухліну мозгу.

Народжаны ў Эстоніі беларус Юрась Юркевіч усё жыцьцё прысьвяціў працы на карысьць Беларусі — ён адзін з галоўных знаўцаў вайсковых фармаваньняў БНР, ініцыятар усталяваньня шыльдаў ў гонар БНР у Таліне і Францішка Багушэвіча ў Вільні. Менавіта Юркевіч спрыяў зьяўленьню важных мэдыйных праектаў і дапамагаў рэпрэсаваным дзеячам культуры, апошнім часам дасьледаваў пытаньне культурніцкага вынішчэньня беларускай нацыі, піша Беларуская Рада культуры.

Пры канцы 2025 году ў Юрася выявілі пухліну мозгу. Пасьля апэрацыі ён сутыкнуўся з афазіяй і парушэньнем функцый правай рукі. Цяпер яму патрэбная працяглая рэабілітацыя, хімія- і радыетэрапія, што патрабуе вялікіх фізычных і фінансавых рэсурсаў.

Увесь цяжар выдаткаў ляжыць на сям’і, даходы якой ня могуць забясьпечыць усё лячэньне і рэабілітацыю.

Для гэтых патрэбаў Беларуская Рада культуры адкрыла асобны рахунак. Усе сродкі, якія паступяць на яго, будуць перададзеныя на лячэньне Юрасю, без адсотку на абслугоўваньне.

Мэта збору — 15 000 эўра. Гэтыя грошы пойдуць на кансультацыі адмыслоўцаў, рэабілітацыю (фізыятэрапэўт і нэўралягапэд), мэдыкамэнты, якія спадарожнічаюць асноўнаму лячэньню і патрэбныя для аднаўленьня ў час і паміж складанымі курсамі хімія- і радыётэрапіі.

Дадаючы інфармацыю пра даробак Юрася Юркевіча, можна адзначыць, што менавіта ён адшукаў кінаархівы Станіслава Булак-Булаховіча і фота з гісторыі Асобнага атраду БНР (выдадзеныя ў кнізе Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»), выдаў кнігу «Балахоўцы» (выйшла як асобны нумар часопіса Arche).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG