Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына адстаяла вясковую краму праз TikTok

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Скарга жыхаркі Карэліцкага раёну Тацьцяны ў TikTok дапамагла захаваць краму «Родны Кут», якая абслугоўвала жыхароў Ярэмічаў і суседніх вёсак, паведаміла BGmedia.

У студзені з крамы ў Ярэмічах, дзе жыве каля трохсот чалавек, звольнілася прадавачка. Паводле відэа Тацьцяны, яна ня вытрымала нагрузкі, бо рабіла таксама за качагара і грузчыка. Краму закрылі. А Тацьцяна выклала ў TikTok відэа, у якім абвінаваціла кіраўніцтва сеткі крамаў «Родны кут» у абыякавасьці да свах супрацоўнікаў і жыхароў сельскай мясцовасьці.

«Гэта ня тое, што шок. Гэта ўжо нейкае беззаконьне, па-мойму. Хочацца ў вас спытаць: можа, вам ужо пара на пэнсію? Вы не засядзеліся ў сваіх крэслах, кіраўнікі?» — сказала яна.

У адказ мясцовыя ўлады і кіраўніцтва крамы зладзілі сход, на які прыехалі чыноўнікі раёну і прадстаўнікі сыстэмы спажывецкай каапэрацыі.

На сустрэчы выступіла і аўтарка відэа. Яна казала пра ўмовы працы ў краме, нагрузку на прадаўцоў, пратэрмінаваныя прадукты і перабоі ў працы касавых тэрміналаў. Кіраўніцтва прапанавала перавесьці Ярэмічы на абслугоўваньне аўтакрамай. Аднак Тацьцяна запярэчыла, што аўтакрама не заменіць стацыянарнай.

У выніку гісторыя скончылася добра. У лютым крама ў Ярэмічах зноў адкрылася, а кіраўніцтва паабяцала вырашыць тэхнічныя праблемы. Тацьцяна запісала новае відэа пра свой візыт у ярэміцкі «Родны кут», пахваліла новую прадавачку і пажадала пашырэньня асартымэнту.

Відэа ж, зь якога ўсё пачалося, у ейным акаўнце больш не даступнае.

Апроч «Роднага кута», у Ярэмічах ёсьць яшчэ прыватная прадуктовая крама. У астатнія вёскі прыяжджае аўталаўка.

У Беларусі больш за тысячу крамаў «Родны кут». Яны належаць «Белкаапсаюзу», які агулам мае больш за 4 тысячы гандлёвых аб’ектаў, пераважна сельскіх. Зь іх — каля паўтысячы аўталавак.

Калі ў 2010 годзе доля «Белкаапсаюзу» на рынку Беларусі складала 12%, дык да 2020 году яна скарацілася да 4%, а ў 2023 годзе была ўжо толькі 3%. Што не перашкаджала «Белкаапсаюзу» заставацца самай буйной па ахопе насельніцтва гандлёвай сеткай краіны, аднак з аднымі з самых нізкіх заробкаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG