Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы заявіў аб спробах беларускага КДБ вэрбаваць агентаў праз сацыяльныя сеткі

Вільня, архіўнае фота
Вільня, архіўнае фота

Паводле Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы, беларускі КДБ распаўсюджвае відэаролік, які заклікае людзей выказаць незадаволенасьць літоўскім урадам і актыўна прыцягвае патэнцыйных агентаў.

«У сацыяльных сетках распаўсюджваецца відэа на YouTube, аўтарам якога называе сябе беларускі КДБ», — паведаміў 11 лютага Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, заяву якога цытуе агенцтва навінаў BNS.

У запісе, зробленым на літоўскай мове, гаворыцца аб праблемах, «выкліканых несправядлівасьцю ўраду». Ахвотным абмеркаваць гэта прапануюць зьвязацца зь беларускім КДБ праз указаны «абаронены канал», — паведаміў у сераду Дэпартамэнт бясьпекі. — «ДДБ настойліва заклікае не паддавацца на згаданую правакацыю і ня ўцягвацца ў зламысную дзейнасьць замежнай дзяржавы, за якую пагражае строгая крымінальная адказнасьць».

ДДБ Літвы нагадвае, што расейскія і беларускія выведкі актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для пошуку патэнцыйных агентаў, іх вэрбаваньня і падтрыманьня зь імі кантактаў, — гаворыцца ў заяве літоўскай спэцслужбы.

У выпадку ўзьнікненьня падазрэньняў у тым, што грамадзянін сутыкнуўся з спробамі спэцслужбаў варожых дзяржаваў вэрбаваць або шпіёніць за асобамі ці арганізацыямі, дэпартамэнт рэкамэндуе паведамляць пра гэта органам выведкі:

«Нашы супрацоўнікі дапамогуць ацаніць, ці небясьпека рэальная. Своечасовае інфармаваньне ДДБ перакрывае шлях вэрбаваньню, спробам маніпуляцыі, шантажу літоўскіх грамадзян», — гаворыцца ў паведамленьні ДДБ.

Дэпартамэнт таксама заклікаў асобаў, якія жывуць у Літве і ўжо былі ўцягнутыя ў дзейнасьць расейскіх ці беларускіх спэцслужбаў або атрымалі прапановы супрацы, зьвязацца з ДДБ і скарыстаць прадугледжаную законам магчымасьць унікнуць крымінальнай адказнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG