У 2025 годзе Зэлімхан Муртазаў атрымаў у войску адпачынак: 20 кастрычніка ён вярнуўся дадому і празь пяць дзён выехаў у Казахстан, дзе некалькі месяцаў наймаў кватэру. У канцы сьнежня ўраджэнец Чачэніі паехаў у Турэччыну, дзе яго затрымалі, дапыталі і праз двое сутак дэпартавалі, канфіскаваўшы замежны пашпарт.
Раніцай 26 сьнежня Муртазаў зноў апынуўся ў Казахстане. З таго часу ён жыве ў транзытнай зоне аэрапорту ў Астане і дамагаецца прытулку або выезду ў бясьпечную эўрапейскую краіну, асьцерагаючыся прымусовага вяртаньня ў Расею.
Гаворачы пра 2022 год з журналістамі выданьня Кавказ. Реалии, Муртазаў адзначыў, што да падпісаньня кантракту з войскам яго шантажавалі — калі ня пойдзе ён, забяруць кагосьці з малодшых братоў. Спачатку абяцалі службу ў тыле, але ўжо празь месяц адправілі ў Запароскую вобласьць Украіны непасрэдна на вайну. Мужчына гаворыць, што ўвесь час займаўся «землянымі работамі».
Зэлімхан расказвае, што ягоны кантракт падоўжылі аўтаматычна, не пытаючыся. Гаворачы пра свае функцыі, ён зазначае, што ні ў кога не страляў, фактычна тры гады правёў пад зямлёй, робячы бліндажы і траншэі.
У Турэччыне, куды ён адправіўся пасьля Казахстану, яму доўга не давалі перакладчыка, а потым далі падпісаць нейкія паперы і выслалі з краіны. Па вяртаньні ў Астану Муртазаў 45 дзён жыве ў аэрапорце, нават ня можа выходзіць вонкі. На гэты момант чачэнец спадзяецца на дапамогу сваіх адвакатаў, каб пазьбегчы прымусовага вяртаньня ў Расею, дзе яго, як ён упэўнены, чакаюць катаваньні і сьмерць.
- Ураджэнцы Паўночнага Каўказу, якія спрабуюць атрымаць статус уцекачоў у Казахстане і Харватыі, заявілі аб грубым парушэньні іх правоў. Нягледзячы на тое, што вяртаньне на радзіму можа пагражаць ім зьняволеньнем, катаваньнямі або гвалтоўнай адпраўкай на вайну, замежныя міграцыйныя службы адмаўляюць просьбітам і экстрадуюць у Расею.
- Улады Харватыі спрабавалі экстрадаваць ураджэнца Інгушэціі Магамеда Аміна Гатагажава, які абвінавачваецца ў Расеі ва ўдзеле ў незаконных узброеных фармаваньнях з-за знаходжаньня ў Сырыі. Праваабаронцы падалі тэрміновую скаргу ў Эўрапейскі суд у правах чалавека, каб прадухіліць выдачу.
Форум