Лінкі ўнівэрсальнага доступу

46% жыхароў Польшчы адчуваюць непрыязнасьць да беларусаў — вынікі апытаньня

Марш беларусаў у Варшаве ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, 9 жніўня 2025
Марш беларусаў у Варшаве ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, 9 жніўня 2025

46% жыхароў Польшчы адчуваюць непрыязнасьць да беларусаў, яшчэ 26% ставяцца да беларусаў абыякава, і 19% — станоўча.

Пра гэта паведамляе выданьне Mostmedia са спасылкай на вынікі студзеньскага апытаньня польскага Цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі CBOS.

CBOS штогод высьвятляе стаўленьне палякаў да прадстаўнікоў 21 этнасу. Беларусы знаходзяцца ў канцы сьпісу, горш, чым да беларусаў, палякі ставяцца толькі да ромаў і расейцаў.

Да каго палякі ставяцца лепш за ўсё

Больш за ўсё сымпатыі ў палякаў выклікалі італьянцы (58%), а таксама суседзі — чэхі (55%) і славакі (52%). Далей ідуць ангельцы (49%) і амэрыканцы (47%). Вялікая Брытанія і ЗША — саюзьнікі Польшчы, абедзьве краіны маюць вялікія польскія дыяспары.

Узровень сымпатыяў да беларусаў у апошнія гады зьніжаецца. У 2024 годзе ён складаў 24%, летась — 20%, сёлета — 19%. На стаўленьне да беларусаў уплывае тое, што дзяржава Беларусь заангажаваная ў расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама міграцыйны крызіс на мяжы, які інсьпіраваны беларускімі ўладамі.

Варта адзначыць, што пры зьмяншэньні сымпатыяў да беларусаў, расьце ня ўзровень адмоўнага стаўленьня да іх, а колькасьць тых, хто ставіцца да беларусаў нэўтральна.

Да каго палякі ставяцца горш за ўсё

Найбольшую непрыязнасьць палякі выказваюць да расейцаў (74%), ромаў (цыганоў) — (46%), беларусаў (46%), украінцаў (43%), габрэяў (40%), немцаў (32%), палестынцаў (30%).

Доля тых, хто выказвае непрыязнасьць да беларусаў, нават крыху зьменшылася: у 2025 годзе яна складала 48%, у 2024 годзе — 47%.

А вось у адносінах да ўкраінцаў адбываецца іншы працэс. За год узровень сымпатыі да іх паменшыўся з 30% да 29%, а непрыязнасьці — вырас з 38% да 43%.

Да каго яшчэ пагоршылася стаўленьне

У апошнія гады ў польскім грамадзтве пагоршылася стаўленьне да амэрыканцаў: у 2024 годзе сымпатыі да іх выказвалі 65% апытаных, у 2025 — 58%, а ў 2026 — 47%. Пры гэтым адмоўнае стаўленьне да амэрыканцаў сёлета выказалі 18% апытаных (летась такіх было 10%).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG