Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі нямецкага дэпутата з Саксоніі, на фэрме якога ў Беларусі працавалі палітвязьні

Ёрг Дорнаў, архіўнае фота
Ёрг Дорнаў, архіўнае фота

Арышт дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрга Дорнау адбыўся ў будынку парлямэнту ў Саксоніі. Паліцыянты вывелі яго з залі.

Як паведамляе Spiegel, Ёрг Дорнаў абвінавачваецца ў парушэньні санкцый ЭЗ і абыходзе забаронаў на экспарт у Беларусь. Паліцыя арыштавала яго ў будынку зямельнага парлямэнту ў Саксоніі. Сёньня ж зь яго зьнялі недатыкальнасьць. Пракуратура ў Ляйпцыгу расьсьледуе яго справу.

Газэта Bild піша, што паводле слоў пракурора, былі праведзеныя ператрусы ў кватэры, камэрцыйных памяшканьнях і аўтамабілях.

Дорнаў абвінавачваецца ў парушэньні Закона аб зьнешнім гандлі, паведаміла пракуратура. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра парушэньне санкцый ЭЗ і вядзеньне гандлю зь Беларусьсю.

«Яго абвінавачваюць у тым, што ў жніўні 2022 года ў мытнай дэклярацыі быў няправільна ўказаны Казахстан у якасьці краіны прызначэньня тэлескапічнага пагрузчыка, каб схаваць забарону на экспарт у Беларусь — фактычны пункт прызначэньня транспартнага сродку — выкарыстоўваючы транзытныя краіны», — заявіла пракуратура.

Фактычна транспартны сродак быў экспартаваны ў Беларусь.

Дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў раней абвінавачваўся ў тым, што выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў на сваёй цыбульнай фэрме «Цыбулька-Бел» у Беларусі. Зьняволены, які працаваў на фэрме Дорнаў прызнаваў, што праца не была прымусовай, апісаў умовы ў папраўчай установе як катаваньні і заявіў, што палічыў за лепшае працаваць на фэрме, бо ўмовы там былі лепшыя, чым у турме.

Нямецкая пракуратура праводзіла праверку па гэтым факце, але там прыйшлі да высновы, што праца не была прымусовай.

  • 24 верасьня 2024 году сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначалася, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
  • Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
  • «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. Яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
  • 25 верасьня 2024 нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.
XS
SM
MD
LG