Як паведаміла выданьне grodnoplustv.by з спасылкай на матэрыялы крымінальнай справы, малады чалавек стаяў на ўліку ў вайсковым камісарыяце, атрымаў усе выклікі на праходжаньне тэрміновай службы і нават прайшоў мэдычную камісію. У красавіку 2025 году атрымаў пад подпіс позву, але яе праігнараваў.
«Фігурант крымінальнай справы без паважных прычын не зьявіўся адпаведна позьве 5 траўня 2025 году а 7:30 у вайсковы камісарыят Горадні. Яго павінны былі адправіць у войска для праходжаньня тэрміновай службы, але рашэньне прызыўной камісіі наконт абвінавачанага засталося нявыкананым», — працытавала выданьне старшую памочніцу пракурора Горадні Алену Пранько.
Малады чалавек зьехаў у Расею, але праз год вырашыў вярнуцца. Яго затрымалі міліцыянты ў аэрапорце Менску і даставілі ў сьледчы ізалятар Горадні.
У відэаматэрыяле твары абвінавачанага і сьведкаў, якімі былі міліцыянты, размылі, каб іх не было як пазнаць.
Суд прызнаў маладога чалавека вінаватым і пакараў абмежаваньнем свабоды на год і шэсьць месяцаў з накіраваньнем у калёнію адкрытага тыпу. Вырак яшчэ не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.
Форум