У Лібіі застрэлілі Саіфа Кадафі, аднаго з сыноў лібійскага дыктатара Муамара Кадафі, зрынутага і забітага ў 2011 годзе.
Паводле саудаўскага тэлеканалу Al Hadath, 53-гадовага Саіф Кадафі застрэлілі ва ўласным садзе недалёка ад горада Зінтан на захадзе Лібіі.
Саіф Кадафі — другі сын Муамара Кадафі, які кіраваў Лібіяй у 1979-2011 гадах. Саіф Кадафі не займаў афіцыйных дзяржаўных пасад, але да падзеньня рэжыму ягонага бацькі ў 2011 годзе кіраваў зьнешнепалітычнымі перамовамі і ўнутранымі пытаньнямі.
Пасьля падзеньня рэжыму Муамара Кадафі Саіфа затрымалі і прысудзілі да сьмяротнага пакараньня паводле абвінавачаньняў у злачынствах супраць мірных жыхароў. У 2017 годзе стала вядома аб яго вызваленьні. У 2021 годзе Кадафі-малодшы абвясьціў, што будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта Лібіі, але выбары былі адкладзеныя.
Лібія з 2011 году знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны і палітычнай нестабільнасьці. Уладу ў краіне дзеляць некалькі груп: захад краіны са сталіцай Трыпалі знаходзіцца пад кантролем ураду нацыянальнага адзінства, якое падтрымлівае АН, а ўсход кантралюе Халіфа Хафтар і кіраванае ім Лівійскае нацыянальнае войска, якія кантактуюць з уладамі Беларусі.
Турэччына, ЗША і шэраг іншых краін неаднаразова абвінавачвалі Расею ва ўмяшаньні ў лівійскі канфлікт, у тым ліку з выкарыстаньнем сіл ПВК «Вагнэр».
Форум