Выстава Артура Вакарава «30 гадоў дыктатуры. 30 плякатаў зь яе наступствамі» адкрылася 2 лютага ў парлямэнце Чэхіі ў Празе. Выставу мастацкіх плякатаў адкрылі з нагоды Дня нязломнасьці Беларусі, які быў прымеркаваны Аб’яднаным пераходным кабінэтам да дня народзінаў Кастуся Каліноўскага 2 лютага. Выстава прысьвечаная сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Праект дэманструецца ў Чэхіі ўпершыню.
Аўтар выставы – вядомы незалежны беларускі дызайнэр Артур Вакараў. Праз вострыя візуальныя мэтафары ён асэнсоўвае тры дзесяцігодзьдзі дыктатуры: кайданы ў форме лічбы 30, іржавыя дарожныя знакі, расейскія танкі з праваслаўнымі купаламі замест вежаў, школьны фартух, надзеты на турэмную робу.
Выставу арганізаваў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы пры падтрымцы чальца чэскай парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі дэпутата Хаята Окамуры.
Выстава працуе да 13 лютага, але будзе даступная толькі парлямэнтарам і гасьцям парлямэнту.
Форум