Аляксея Лазарава, які загінуў 19 студзеня падчас выкананьня баявой задачы, баронячы Ўкраіну ад расейскай агрэсіі, пахаваюць 31 студзеня, паведаміла удава Аляксея Вераніка Яновіч у сацсетцы X.
Аб 11-й гадзіне ў львоўскім гарнізонным храме Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла пройдзе рэлігійная служба. Пасьля адбудзецца агульнагарадзкая цырымонія разьвітаньня на суседняй з храмам плошчы Рынак.
Па разьвітаньні будзе арганізаваны трансфэр да поля Пачэсных пахаваньняў № 87 на Пасічнай вуліцы, дзе Аляксей знойдзе свой апошні спачын.
Сям’я просіць не прыносіць штучныя кветкі.
Аляксей і ягоная жонка Вераніка былі ў шэрагах полку імя Каліноўскага з сакавіка да лістапада 2022 году. Потым яны пакінулі полк. Лазараў патлумачыў гэты крок тым, што «полк пачаў займацца палітыкай ад імя ваяроў».
У 2025 годзе ён падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны.
Аляксей скончыў факультэт радыёфізыкі БДУ, працаваў у IT-кампаніі ITRex Group, якая ўваходзіла у Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску. Паводле спэцыяльнасьці ён пачаў працаваць з другога курсу, а да таго падпрацоўваў на заводзе «Керамін».
У 2019 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Быў актывістам «Моладзевага блёку», змагаўся з законам «аб адтэрміноўках». Аднак пасьля выбараў яго адразу змабілізавалі ў войска. Увесь час службы вёў «Дзёньнік салдата» на сваёй старонцы ў тагачасным Twitter (цяпер Х). Праз гэта меў, як сам прызнаваўся, «невялікія канфлікты з афіцэрамі».
«Я люблю сваю краіну, але ненавіджу тых людзей, якія ціснуць на нас сваімі законамі і выціскаюць нас з краіны», — казаў Аляксей Лазараў у лістападзе 2019 году.
Форум