Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія абароны Ізраілю пацьвердзіла гібель каля 70 тысячаў чалавек у Газе

Газа, кастрычнік 2025
Газа, кастрычнік 2025

Паводле Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ), маштаб чалавечых стратаў у Газе фармаваўся як у выніку баявых дзеяньняў, гэтак і з-за расправаў ХАМАС над апанэнтамі і гібелі палестынцаў ад падзеньня дэфэктных ракетаў.

Пра гэта паведамляе DW.

ЦАХАЛ упершыню пацьвердзіла, што падчас вайны паміж ізраільскімі сіламі і палестынскім радыкальным ісламісцкім рухам ХАМАС загінулі каля 70 000 чалавек у сэктары Газа. Пра гэта ў чацьвер, 29 студзеня, паведамілі выданьні The Jerusalem Post і The Times of Israel.

Паводле ЦАХАЛ, каля 25 тысячаў чалавек з гэтага ліку былі баевікамі ХАМАС. Ізраільская армія таксама паведаміла, што да першых месяцаў 2024 году каля 13% ракет, якія запускаліся ХАМАС з Газы, мелі тэхнічныя дэфэкты і падалі на тэрыторыі сэктара, што павяло за сабой гібель вялікай колькасьці палестынцаў.

Паводле ацэнак ЦАХАЛ, сілы ХАМАС таксама пакаралі сьмерцю многіх палестынцаў, якіх яны лічылі палітычнымі апанэнтамі і абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з Ізраілем. Цяпер ЦАХАЛ працуе над дакладнай ацэнкай суадносінаў загінулых цывільных жыхароў і баевікоў, а таксама колькасьці людзей, якіх забілі прадстаўнікі ХАМАС.

Паводле міністэрства аховы здароўя Газы, на дадзены момант колькасьць загінулых складае 71 667 чалавек, у тым ліку больш за 450 чалавек, забітых пасьля спыненьня агню ў кастрычніку 2025 году. Ведамства ўстанавіла імёны і асобы больш за 90% ахвяр, чые целы былі знойдзены. Яно, аднак, не паказала, колькі было ісламісцкіх баевікоў сярод загінулых, а таксама ці ўлічаны ў статыстыцы сьмерці палестынцаў ад натуральных прычын.

Эскаляцыя канфлікту на Блізкім Усходзе

Сытуацыя на Блізкім Усходзе рэзка абвастрылася 7 кастрычніка 2023 году. Радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС учыніў маштабную атаку на Ізраіль. Баевікі нанесьлі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі, уварваліся на яго тэрыторыю і ўчынілі самую масавую расправу над цывільным насельніцтвам у гісторыі сучаснай ізраільскай дзяржавы, забіўшы каля 1200 чалавек. Баевікі таксама захапілі каля 250 закладнікаўі вывезьлі іх у сэктар Газа. Частка закладнікаў была абмененая або вызваленая, частка загінула.

Ізраіль у адказ абвясьціў вайну ХАМАС. Падчас наземнай апэрацыі і бамбаваньняў сэктара Газа каля 170 тысячаў былі параненыя, сьцьвярджала падкантрольнае ХАМАС міністэрства аховы здароўя.

Спыненьне агню і мірны плян Трампа па Газе

У кастрычніку 2025 году ўлады Ізраілю і ХАМАС пагадзіліся на спыненьне агню па мірным пляне, распрацаваным адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональдам Трампам. Гарантамі выкананьня дамоўленасьцяў паміж Ізраілем і рухам ХАМАС выступілі ЗША, Турэччына, Катар і Эгіпет. Падчас першага этапу баевікі ХАМАС вярнулі ўсіх астатніх ізраільскіх закладнікаў у абмен на вызваленьне палестынскіх зьняволеных з турмаў Ізраілю.

У сярэдзіне студзеня Белы дом заявіў аб пачатку другога этапу пляну Трампа па завяршэньні баявых дзеяньняў у сэктары Газа. У яго рамках павінныя быць створаны «Рада міру» і падсправаздачны яму Нацыянальны камітэт, які возьме на сябе кіраваньне рэгіёнам, пакуль гэтую задачу ня будзе гатова пераняць Палестынская нацыянальная адміністрацыя.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG