Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі заплянавалі рэканструкцыю найбуйнейшага пункту пропуску на мяжы зь Літвой, які нейкі час быў закрыты

Пункт пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы. Архіўнае фота
Пункт пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы. Архіўнае фота

Пасьля леташняй рэканструкцыі пункту пропуску «Бераставіца» на мяжы з Польшчай у 2026 годзе пачнецца рэканструкцыя пункту пропуску «Каменны Лог» на мяжы зь Літвой.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, рэканструкцыю пункту пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы плянуюць пачаць у 2026 годзе.

Аб гэтым паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Ўладзімер Арлоўскі.

«Для сябе даўно вызначыліся: на суседзяў не глядзім, дзейнічаем самі адпаведна намечаным намі плянам рэканструкцыі, капітальнага рамонту, добраўпарадкаваньня пунктаў пропуску. Працуем спакойна. За апошнія пяць гадоў у нас адбылася рэканструкцыя 12 пунктаў пропуску. Летась завяршылі рэканструкцыю ПП „Бераставіца“ ў Горадзенскім раёне. Акурат пасьля рэканструкцыі польскі бок адкрыў рух», — заявіў Арлоўскі.

Паводле яго, у 2026 годзе плянуецца пачаць рэканструкцыю ПП «Каменны Лог» на літоўскім кірунку.

«Гэта адзіны з пунктаў пропуску на мяжы з ЭЗ, дзе не было рэканструкцыі больш як 20 гадоў. Мы сканцэнтравалі там свае намаганьні. Будзем гэты пункт пропуску кардынальна перабудоўваць з павелічэньнем прапускной здольнасьці ўтрая і стварэньнем найлепшых умоваў для перасячэньня мяжы», — заявіў ён.

Летась пункт пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы быў закрыты пасьля рашэньняў ўраду Літвы. У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю ў сувязі з кантрабанднымі балёнамі зь Беларусі, якія нясуць пагрозу цывільнай авіяцыі.

Зь сярэдзіны сьнежня колькасьць выпадкаў з мэтэазондамі зьнізілася. Гэта адбылося пасьля таго, як пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл дамовіўся з адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленьні часткі палітвязьняў і скасаваньні санкцыяў на беларускія калійныя ўгнаеньні. Тады ж палітычныя аглядальнікі пачалі меркаваць, што Вашынгтон можа націснуць на Літву, каб тая зноў дазволіла транзыт гэтых угнаеньняў праз Клайпедзкі порт.

Літоўскія палітыкі ацэньваюць запускі кантрабандысцкіх балёнаў як гібрыдную атаку Менску на Літву.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG