Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фактаў пра тарашкевіцу, ці беларускі клясычны правапіс

Тызер
Тызер

Да дня нараджэньня Браніслава Тарашкевіча

1. Першая навукова абгрунтаваная кадыфікацыя беларускай мовы

«Беларуская граматыка для школ», якую ў 1918 годзе выдаў мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч, стала першым агульнапрынятым стандартам беларускае літаратурнае мовы.

Калі дагэтуль мова друкаваных беларускіх тэкстаў была падобная на стракаты дыван, дзе ў граматыцы стыхійна выкарыстоўваліся рысы розных дыялектаў, а правапісныя нормы залежалі ад паходжаньня і адукацыі аўтара, то Тарашкевіч сваёй граматыкай і правапісам устанавіў правілы, якімі пачалі кіравацца ўсе беларускамоўныя выданьні і школы.

2. Яе аўтарам мог стаць Максім Багдановіч

Так, стварэньне першай граматыкі сучаснай беларускай мовы напачатку меркавалі даручыць паэту Максіму Багдановічу. Кіраўніцтва «Нашай нівы» дамовілася падрыхтаваць у Пецярбурскім унівэрсытэце філёляга-беларусазнаўца. Але жыць у паўночным клімаце паэту не дазваляла здароўе. Справу даручылі маладому Браніславу Тарашкевічу.

Крыніца: Тарашкевіч Б. Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады/ Укладанне, уступ, камент. А. Ліса.). — Мінск: Маст. літ., 1991. — 319 с., [1] л. партр. — (Спадчына).

3. Любіць мяккія знакі і добра перадае адметнасьці гукаў беларускай мовы

Тарашкевіч кіраваўся прынцыпам пазначэньня на пісьме адметнасьцяў беларускае мовы. Яго правапіс фіксуе ключавыя фанэтычныя рысы беларускай мовы, у тым ліку ў параўнаньні з суседнімі. Асыміляцыйная мяккасьць зычных — адна з такіх адметнасьцяў. Менавіта тут працуе прынцып «як чуем, так і пішам». Калі чуем мякка — сьнег, зь Менску, зьява — то і пазначаем мяккасьць на пісьме.

Тое ж — зь яканьнем у вымаўленьні часьціцы не і прыназоўніка без (ня мы, бяз нас), пасьлядоўнае напісаньне літары Ў — пішам як чуем і ў словах зь вялікай літары, і ў запазычаных (ва Ўкраіне, соўс).

4. Незрусыфікаваны правапіс

У 1933 годзе савецкая ўлада правяла палітычную моўную рэформу, вынікам якой стала штучнае набліжэньне беларускае мовы да расейскай у правапісе, а тым самым у вымаўленьні (таксама і ў граматыцы). Рэформу не прынялі беларусы па-за межамі БССР. Тарашкевіца засталася вернай уласнай лёгіцы разьвіцьця і захавала ўнікальнасьць гучаньня беларускае мовы.

5. Мае сваю Вікіпэдыю

Існуе асобны разьдзел Вікіпэдыі клясычным правапісам на дамэне be-tarask.wikipedia.org. Артыкулаў у ім больш за 90 тысячаў.

Вікіпэдыя пачыналася на тарашкевіцы, была адна яе беларуская вэрсія, першы артыкул зьявіўся ў 2004 годзе, а потым два правапісы ў ёй суіснавалі. Аднак пасьля заяўкі прыхільнікаў афіцыйнага правапісу ў 2007 годзе разьдзел клясычным правапісам быў перанесены на адрас be-x-old.wikipedia.org, а вызвалены дамен be.wikipedia.org быў перададзены разьдзелу на афіцыйным правапісе. Пазьней Вікіпэдыя тарашкевіцай атрымала моўны код be-tarask.

Свабода на тарашкевіцы

Беларуская служба «Радыё Свабода» ад свайго стварэньня больш за 70 гадоў таму захоўвала несавецкую моўную традыцыю і дагэтуль прынцыпова карыстаецца тарашкевіцай. Тарашкевіца мае больш як стогадовую гісторыю, але разьвіваецца, удакладняецца, дапасоўваецца да моўных рэаліяў. Усе сучасныя правілы тарашкевіцы, якія ўлічылі досьвед яе ўжываньня цягам ХХ стагодзьдзя, сабраныя ў кнізе «Беларускі клясычны правапіс» (2005 г.). Клясычны — і таму што яго асновы стваралі клясыкі мовазнаўства, і таму што ім пісалі клясыкі нашай літаратуры Купала, Колас, Быкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG