Як паведаміла 28 студзеня экс-палітзьняволеная Марыя Калесьнікава ў эфіры нямецкага тэлеканалу ARD, пакуль яна сядзела ў турме, нямецкі Commerzbank заблякаваў яе рахунак, адкрыты 17 гадоў таму, і цяпер яна ня можа скарыстацца сваімі сродкамі.
«Даволі пацешная гісторыя. У мяне быў рахунак у Commerzbank 17 гадоў. Калі я была ў калёніі, натуральна, я не магла ім кіраваць. І ў нейкі момант яго заблякавалі. Цяпер мой рахунак заблякаваны, і ў мяне няма доступу да яго з-за санкцыяў супраць Беларусі. Я таксама зь Беларусі, і гэта закранае і мяне, хаця я зараз у Нямеччыне са сваім [заблякаваным] рахункам, які быў адкрыты 17 гадоў таму. І я дагэтуль нічога не магу з гэтым зрабіць», — заявіла Калесьнікава.
Калесьнікава сярод іншага прыгадала масавую падтрымку пераменаў сярод беларусаў, ад гарадоў да вёсак, а таксама тое, што многія былі вымушаныя ўцякаць з краіны. Марыя заявіла, што парвала пашпарт не для таго, каб аказацца ў беларускай турме, а каб быць з народам Беларусі. «Такая была ідэя», — сказала яна.
Яна заявіла, што ня мела магчымасьці размаўляць з іншымі жанчынамі ў зьняволеньні. Падчас ізаляцыі яна ня мела магчымасьці кантакту з сям’ёй і сябрамі, але адчувала іх любоў і падтрымку і разумела, што яна не адна. За гэтыя гады Марыя прачытала 700 кніг.
Калесьнікава таксама заявіла ў інтэрвію, што Беларусь — не агрэсар, але ня мае цяпер амбасадара ў ЭЗ ў адрозьненьне ад Расеі, і што беларускі народ — ня частка расейскага народу, ён ня хоча вайны і ня хоча прымаць у ёй удзел.
Марыя заклікала ЭЗ да кантактаў з Беларусьсю дзеля будучай бясьпекі кантынэнта, але пры ўмове вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій. Асабліва яна падкрэсьліла неабходнасьць адкрыцьця межаў ЭЗ для беларусаў, каб людзі ня былі зачыненыя ў краіне.
Марыя Калесьнікава раней казала, што перажыты досьвед турмаў і рэпрэсій дае былым і цяперашнім палітвязьням маральнае права выказвацца без аглядкі на асуджэньне.
«Тыя з нас, хто прайшоў праз гэтую мясарубку, маюць маральнае права гаварыць усё, што хочуць, і дзякаваць за такія ўчынкі. У нас ёсьць гэтае права, і я буду ім карыстацца», — падкрэсьліла яна.
Калесьнікава адзначыла, што для яе галоўнай каштоўнасьцю застаецца чалавечае жыцьцё, а не палітычныя ацэнкі ці рэакцыя публікі. Яна падкрэсьліла, што гатовая адкрыта гаварыць пра гэта, нават калі яе словы выклікаюць рэзкую крытыку.
Марыю Калесьнікаву затрымалі ў верасьні 2020 году пасьля спробы сілавікоў сілай вывезьці яе з Беларусі. Яна парвала пашпарт і засталася ў краіне. У 2021 годзе суд прысудзіў ёй 11 гадоў пазбаўленьня волі.