Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва перадала Беларусі заўвагі што да будаўніцтва палігону для радыяактыўных адкідаў. Як у Менску адрэагавалі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Літва заявіла аб гатоўнасьці ўдзельнічаць у ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольле палігону для захоўваньня радыяактыўных адкідаў, які Беларусь плянуе пабудаваць недалёка ад літоўскай мяжы.

Як паведаміла Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы, Беларусі перадалі абагульненыя заўвагі літоўскіх ведамстваў і грамадзкасьці.

У адказе адзначаецца, што ў праграме, пададзенай Беларусьсю літоўскаму боку, няма важнай інфармацыі аб тэхнічных рашэньнях плянаваных аб’ектаў, аб відах і аб’ёмах радыяактыўных адкідаў, аб тэхналёгіях абыходжаньня зь імі, а таксама абгрунтаваньні бясьпекі доўгатэрміновага захоўваньня і пахаваньня.

Літоўскі бок патрабуе, каб у ацэнцы ўсебакова разглядалі ўзьдзеяньне эксплюатацыі плянаваных аб’ектаў і аварыйных сытуацыяў на навакольле і здароўе людзей, уключаючы магчымае ўзьдзеяньне на суседнія краіны.

У заўвагах таксама падкрэсьліваецца, што неабходна дакладна абгрунтаваць крытэры выбару месца для пляцовак, ацаніць іх блізкасьць да мяжы Літвы, да міждзяржаўных паверхневых і падземных вадаёмаў, разьмеркаваньне насельніцтва, а таксама магчымы перанос радыянуклідаў паветраным і водным шляхам — розныя сцэнары іх распаўсюду і ўсе магчымыя шляхі апраменьваньня, ня толькі празь пітную ваду.

«Ацэнка ўзьдзеяньня ў міждзяржаўным кантэксьце павінна адпавядаць міжнародным патрабаваньням ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі і добрай практыцы, а магчымае ўзьдзеяньне на навакольле не павінна ацэньвацца загадзя як лякальнае без наданьня падрабязных справаздачаў і вынікаў мадэляваньня», — адзначаецца ў паведамленьні літоўскага ведамства.

Як адрэагавалі на гэтыя заўвагі ў Беларусі

Беларусь паведаміла Літве аб намеры будаваць палігон для часовага захоўваньня і ўтылізацыі радыяактыўных адкідаў летась у сьнежні.

У паведамленьні адзначалася, што разглядаюцца тры пляцоўкі магчымага яго разьмяшчэньня — у Горадзенскай, Гомельскай або Магілёўскай вобласьцях на плошчы прыблізна адзін квадратны кілямэтар. Збудаваць яго плянуюць цягам 2028–2030 гадоў, а ў 2030-м пачаць эксплуатацыю.

Улады Беларусі не камэнтуюць адказу Літвы.

У той жа час на сайце дзяржаўнай тэлевізіі пад загалоўкам «Літва перадала Беларусі свае заўвагі аб праекце палігону для захоўваньня радыяктыўных адкідаў» адзначаецца, што гэта «ці ня першы за апошнія гады выпадак канструктыўнай супрацы».

«Літоўскія дзяржаўныя структуры да нядаўняга часу адмаўляліся ад усякіх кантактаў зь беларускім бокам. Апошнімі тыднямі зьявіўся шэраг прыкметаў таго, што афіцыйная Вільня пачынае дэманстраваць памяркоўнасьць: усё часьцей літоўскія палітыкі дэкляруюць гатоўнасьць весьці перамовы аб гандлёвай супрацы і нават аднавіць палітычныя кантакты. Наўрад ці гэта выпадковасьць: падобна, цікаўнасьць Вашынгтону да ўзаемадзеяньня зь Менскам зрабіла рэвалюцыю і ў сьвядомасьці літоўскіх чыноўнікаў», — адзначаецца ў паведамленьні дзяржаўнай тэлевізіі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG