У Празе адкрылася выстава беларускай мастачкі Руфіны Базлавай, якая праз традыцыйную беларускую вышыўку расказвае гісторыю палітычных зьняволеных у Беларусі. Танкі, турмы, імёны зьняволеных уплеценыя ў арнамэнты, вышытыя чырвонымі крыжыкамі і зразумелыя бяз словаў, піша «Настоящее время».
«Арнамэнтамі можна расказваць гісторыі, гэта значыць, калі кожны сымбаль нешта азначае, дык, злучаючы гэтыя сымбалі, можна, так бы мовіць, стварыць тэкст. Але гэта таксама мова ці культурны код Беларусі, — тлумачыць Базлава. — Форму традыцыйнага арнамэнту можна выкарыстоўваць, каб расказаць гісторыю сучаснай Беларусі. Гэта выдатна працуе, бо ў арнамэнтах можна ўсё ўбачыць: нават калі іншаземцы ня ведаюць дэталяў, яны могуць зразумець іх з выяваў».
Праект называецца #FramedInBelarus. Больш за 700 чалавек з усяго сьвету прынялі ўдзел у стварэньні работ: яны вышывалі паводле ўзораў, дасланых ім мастачкай.
Сёньня 40 ейных работ экспануюцца ў Праскай гарадзкой галерэі на выставе чэскага акцыянісцкага мастацтва. Ураджэнка Горадні, яна жыве ў Чэхіі з 2008 году. Ужо пяць гадоў, з пачатку пратэстаў у Беларусі, яна выступае ў абарону тых, хто быў незаконна асуджаны на радзіме.
Мастачка ня страціла надзеі на тое, што некалі зможа правесьці ўласную выставу ў Беларусі. Яна кажа, што некаторыя палітычныя зьняволеныя, якія ўжо выйшлі на волю, дапамагалі ёй з вышыўкай. А тыя, хто даведаўся аб праекце за кратамі, былі радыя даведацца, што пра іх не забыліся.
#FramedInBelarus — сацыяльны арт-праект, прысьвечаны палітзьняволеным, ініцыяваны мастачкай Руфінай Базлавай (Беларусь) і куратаркай Сафіяй Токар (Малдова). Яго мэта — стварыць партрэты ўсіх незаконна асуджаных людзей з выкарыстаньнем традыцыйнай тэхнікі вышыўкі — крыжыкам, чырвонай ніткай на белым фоне. Такім чынам беларускі арнамэнт становіцца кодам для запісу сучаснай гісторыі краіны.
Выстава #FramedInBelarus праходзіла і ў Нарвэгіі, у Гамары.
У 2023 годзе Руфіна Базлава правяла ў Празе выставу пад назвай «Белы сьцяг», дзе сымбалем быў белы сьцяг Расейскай імпэрыі, пад якім мелася на ўвазе яе капітуляцыя.
Форум