Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі раскрылі зьвесткі пра загінулых маракоў з крэйсэру «Масква». Чакаць давялося чатыры гады


Крэйсэр «Масква»
Крэйсэр «Масква»

Украінскаму афіцэру за загад біць па караблі расейскі суд вынес завочны вырак.

У Расеі Другі Заходні акруговы вайсковы суд вынес завочны пажыцьцёвы вырак камандзіру 406 артылерыйскай брыгады ВМС Украіны Андрэю Шубіну ў справе аб затапленьні крэйсэру «Масква» ў пачатку 2022 году. Украінскаму афіцэру выставілі абвінавачаньні ў вынясеньні загадаў нанесьці ракетныя ўдары па крэйсэры «Масква» і фрэгаце «Адмірал Эсэн». Пра гэта піша «Медиазона» з спасылкай на сайт суду.

«Ад выбуху, пажару і дыму загінулі 20 сяброў экіпажу крэйсэру, 24 сябрам экіпажу нанесеныя цялесныя пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці, а 8 чалавек прапалі бязь вестак, у тым ліку ў ходзе змаганьня за ўтрыманьне карабля, якая доўжылася звыш шасьці гадзін», — гаварылася ў паведамленьні судовай прэс-службы, якое пазьней выдалілі з сайту.

Дакладная колькасьць загінулых на крэйсэры раней не раскрывалася. «Афіцыйная вэрсія» пастаянна атрымлівала зьмены.

Спачатку расейскае Міністэрства абароны сьцьвярджала, што на крэйсэры пачаўся пажар, а загінуў усяго адзін чалавек. Яшчэ 27 былі абвешчаныя зьніклымі бязь вестак. Пасьля суд прызнаў загінулымі 17 маракоў.

У красавіку 2023 году ў акупаваным крымскім Севастопалі адкрылі мэмарыял у гонар загінулых на вайне ва Ўкраіне маракоў 30-й дывізіі надводных караблёў, у складзе якой знаходзіўся крэйсэр «Масква»: на ім былі напісаныя імёны 19 маракоў, якія загінулі ў дзень затапленьня судна.

Расейская служба ВВС і «Медиазона» пісалі, што ім удалося высьветліць асобы 22 загінулых. Як паведамляла «Агентство», экіпаж загінулага карабля мог на дзьве траціны складацца з жаўнераў тэрміновай службы.

Крэйсэр «Масква» затануў каля вострава Зьмяіны 14 красавіка 2022 году. Украінскі бок заяўляў, што нанёс па судне ўдар ракетамі «Няптун».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG