Віцебскі абласны суд 22 студзеня агучыў выракі ў завочнай справе супраць актывістаў ініцыятывы «Сумленныя людзі»: Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага, паведаміла «Вясна».
Актывістаў абвінавацілі ў
- дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК),
- распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
- абразе Лукашэнкі ці паклёпе на яго (ч. 2 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК);
- закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
- стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт. 361-1).
Справу разглядалі ад пачатку лістапада.
У выніку Алену Жылачкіну завочна пакаралі 10 гадамі калёніі і штрафам 67 500 рублёў, Алега Давыдчыка, Цімафея Малахоўскага і Зарыну Сарокіну — 8 гадамі калёніі і штрафам 40 500 рублёў кожнага.
Ініцыятыва «Сумленныя людзі» ўзьнікла ў чэрвені 2020 году для, каб заахвоціць беларусаў удзельнічаць у выбарах. У дадатак да волевыяўленьня на блянку бюлетэня выбарцаў заклікалі прыходзіць на ўчасткі зь белымі бранзалетамі а таксама паведамляць пра свой выбар у адмысловы чат-бот.
У выніку, як заявілі «Сумленныя людзі», была сабраная інфармацыя пра больш як 1,2 мільёна галасоў, што разам з высновамі назіральнікаў і атрыманымі пратаколамі зь некаторых участкаў дазволіла казаць пра фальсыфікацыю ўладамі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У 2021 годзе разам з плятформамі «Зубр» і «Голас» «Сумленныя людзі» апублікавалі справаздачу, у якой даказалі перамогу Сьвятланы Ціханоўскай у першым туры выбараў.
Пасьля жорсткага здушэньня пратэстаў і падчас рэпрэсіяў, што разгарнуліся ў краіне, арганізацыя арганізавала кампаніі дапамогі пацярпелым.
Бальшыня ўдзельнікаў ініцыятывы мусілі пакінуць Беларусь, але працягваюць весьці праекты барацьбы з прапагандай, разьвіцьця палітычнай пісьменнасьці, займаюцца падтрымкай актывістаў, якія пацярпелі ад палітычнага перасьледу.
Форум