Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы БРСМ. Некаторыя яго палажэньні зноў засакрэцілі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (БРСМ).

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнту, як і раней, тэрытарыяльныя органы БРСМ будуць фінансавацца зь мясцовых бюджэтаў.

У той жа час у апублікаваным тэксьце засакрэчаны пункт аб тым, на якія яшчэ мэты і зь якіх крыніц у 2026 годзе гэтая праўладная арганізацыя будзе атрымліваць фінансаваньне. Пункт пазначылі заўвагай «для службовага карыстаньня».

Такі ж грыф «для службовага карыстаньня» маюць зьмены ў разьмеркаваньні сродкаў на падтрымку студэнцкіх атрадаў і цэнтральнага камітэту БРСМ. Раней яны разьмяркоўваліся ў роўных частках — па 50 %.

Для арганізацый, якія прымаюць студэнцкія атрады, захаваюцца падатковыя ільготы — іх вызваляюць ад абавязковых для працадаўцаў страхавых складак на выпадак пэнсійнага ўзросту, інваліднасьці і страты карміцеля ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны ў частцы выплат, налічаных на карысьць удзельнікаў студэнцкіх атрадаў.

У Беларусі з 2020 году ўлады зьліквідавалі тысячы грамадзкіх арганізацыяў і ўхвалілі закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці», які стварае асаблівыя ўмовы дзейнасьці для арганізацыяў, створаных дзяржавай, — «Белай Русі», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Фэдэрацыі прафсаюзаў і аб’яднаньня вэтэранаў.

БРСМ стварылі ў 2002 годзе. Паводле рознай інфармацыі, у шэраг арганізацыі ўваходзяць амаль паўмільёна маладых людзей. Сябры арганізацыі ўдзельнічаюць у перавыхаваньні ўкраінскіх дзяцей, якіх Расея незаконна вывезла з захопленых тэрыторыяў Украіны. Супраць БРСМ дзейнічаюць міжнародныя санкцыі.

У адкрытых крыніцах паведамляецца, што ў 2011 годзе (да дэнамінацыі 2016 году. — РС) БРСМ атрымаў 20,5 мільярда рублёў, што тады складала 98% ад усіх сродкаў, якія дзяржава вылучала на моладзевую палітыку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG