Цягнік, які пайшоў пад адхон, зьвёў за сабой і другі цягнік, яны ўпалі на насып. У выніку сутыкненьня загінуў як мінімум 21 чалавек, паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай гішпанскае міністэрства ўнутраных спраў.
Трагедыя адбылася непадалёк ад Адамуса ў правінцыі Кордаба, на поўдні Гішпаніі.
З 75 шпіталізаваных чалавек 15 знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміў у панядзелак раніцай журналістам кіраўнік рэгіянальнага ўраду Андалюзіі Хуанма Марэна. Ён сказаў, што лік загінулых, верагодна, перавысіць 20 чалавек, і папярэдзіў, што яна можа вырасьці па меры працаў на месцы трагедыі.
Для выдаленьня пашкоджаных мэталічных частак цягнікоў і спробы выявіць новых ахвяр спатрэбіцца цяжкая тэхніка.
На відэа зь месца здарэньня, апублікаваным у сацыяльных сетках, відаць, як ратавальнікі дастаюць пасажыраў зь перакуленых вагонаў. Некаторыя пасажыры вылазілі праз разьбітыя вокны, іншых выносілі на насілках.
Газета El Pais паведаміла, што сярод загінулых 27-гадовы машыніст цягніка Мадрыд — Уэльва.
У двух цягніках было каля 400 пасажыраў, большасьць зь якіх — гішпанцы, яны вярталіся ў Мадрыд ці ехалі зь яго пасьля выходных.
Другі цягнік, які накіроўваўся ва Ўэльву і апэратарам якога зьяўляецца дзяржаўная кампанія Renfe, на момант сутыкненьня рухаўся з хуткасьцю каля 200 км/г, паведамляе El Pais. Невядома, зь якой хуткасьцю рухаўся першы цягнік у момант зьезду з рэек.
Прычына аварыі пакуль невядомая, паведаміў журналістам міністар транспарту Гішпаніі Аскар Пуэнтэ на станцыі Аточа ў Мадрыдзе. Ён дадаў, што «вельмі дзіўна», што зьезд з рэек адбыўся на простай. Гэты ўчастак каляіны адрамантавалі ў траўні, дадаў ён.
Форум