Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі закансэрваваў рэканструкцыю памяшканьня для ўтрыманьня паддосьледных жывёл для вэтэрынарыі


У адной зь лябараторый Інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі, дзе праводзяць экспэрымэнты з жывёламі. Ілюстрацыйнае фота
У адной зь лябараторый Інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі, дзе праводзяць экспэрымэнты з жывёламі. Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову, паводле якой вырашылі закансэрваваць будаўніцтва і рэканструкцыю некалькіх аб’ектаў Інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі, які супрацоўнічае з Кітаем.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, будаўніцтва фінансавалася за рахунак дзяржаўнага бюджэту.

Згодна з рашэньнем ураду, закансэрвуюць будынак віварыя і двух лябараторных корпусаў.

Віварый — гэты спэцыяльнае памяшканьне пры навуковых установах, у якіх утрымліваюцца і разводзяцца лябараторныя жывёлы (мышы, пацукі, марскія сьвінкі, трусы і іншыя) для правядзеньня экспэрымэнтаў, дасьледаваньняў і ў навучальных мэтах.

Як адзначаецца на сайце Інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі, сярод накірункаў дзейнасьці віварыю — стварэньне ўмоў для ўтрыманьня лябараторных жывёл пры правядзеньні досьледаў супрацоўнікамі інстытуту, забесьпячэньне падразьдзелаў інстытуту лябараторнымі жывёламі, падбор рацыёну для розных груп паддосьледных жывёл, своечасовае забесьпячэньня іх кармамі, а таксама вываз паталягічнага матэрыялу на скотамагільнікі для ўтылізацыі.

У жніўні 2025 году ў Інстытуце экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі адкрылі супольную з Кітаем лябараторыю па прафіляктыцы і кантролю захворваньняў жывёл. Сярод заяўленых тэмаў дасьледаваньняў — распрацоўка міжнародных стандартаў, абмен досьведам у галіне прафіляктыкі і кантролю захворваньняў, а таксама разьвіцьцё транспамежных захворваньняў жывёл. З кітайскага боку заснавальнікамі лябараторыі стаў Шанхайскі вэтэрынарны навукова-дасьледчы інстытут Кітайскай акадэміі сельскагаспадарчых навук і навукова-тэхнічная кампанія «Вэйлай Техноладжы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG