Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Марціновіч прэзэнтаваў у Вільні навуковую кнігу, у аснове якой яго сямейная гісторыя


Прэзэнтацыя кнігі пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця»
Прэзэнтацыя кнігі пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця»

У пачатку 2026 году ў Вялікай Брытаніі выйшла кніга пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця». Прэзэнтацыя кнігі прайшла 15 студзеня ў Вільні.

«Пакуль і сам ня ведаю, які наклад. Маю на руках адзін асобнік», — казаў Віктар Марціновіч пасьля прэзэнтацыі, калі ставіў аўтографы на сваіх ранейшыя кнігах для прыхільнікаў ягонай творчасьці. Іх у віленскім гатэлі Imperial набралася цэлая заля.

Беларусы ведаюць Віктара Марціновіча як аўтара некалькіх раманаў. Але гэтым разам Віктар абраў іншы жанр.

«Гэта не мастацкая літаратура і не нон-фікшн, гэта манаграфія, навуковая літаратура. Але пад навуковасьцю я разумею ня тое, што агульнапрынята. Паводле адукацыі я гісторык мастацтва і вось вырашыў скарыстаць свой багаж ведаў пра мастацтва ў расказе пра дом, сям’ю, краіну, яе гісторыю, у якой і тэрор, і ахвяры, і міласэрнасьць»,— сказаў Марціновіч на прэзэнтацыі.

Сямейная гісторыя, расказаная аўтарам, трагічная і захапляльная адначасова. Яна пачынаецца з таго, што дзевяцігадовы хлопчык Віця ў бабулінай хаце ў вёсцы Барбарове пад Глускам знайшоў за печчу рэч, якая, як выявілася, была зьвязаная зь лёсам яго прадзеда Амяльяна Марціновіча. Спачатку бабуля нічога не расказала ўнуку пра гэтую знаходку, як і пра ягонага прадзеда. Але яшчэ празь пяць гадоў Віктар у сямейным архіве убачыў фатаздымак, датаваны 1911 годам. На ім чацьвёра вайскоўцаў у ладнай форме, у начышчаных ботах. Сярод іх — прадзед, Амяльян Марціновіч.

Прадзед, Амяльян Марціновіч (зьлева)
Прадзед, Амяльян Марціновіч (зьлева)

«157 полк імпэратарскай арміі. Вось, пазначана на пагоне» — адзначыў пісьменьнік важную дэталь падчас прэзэнтацыі, якую аздобіў слайдамі карцін і сямейных фота.

Але гэта цяпер Віктар Марціновіч ведае, што полк, у якім служыў ягоны прадзед, разьмяшчаўся ў Бабруйскай фартэцыі. А тады, у юнацтве, зноў пачуў ад бабулі рашучае: «Табе нічога ня трэба ведаць!»

Часта толькі ў сталым узросьце становіцца зразумела, чаму старэйшыя хаваюць ад малых сямейныя гісторыі. Выявілася, знойдзеная за печчу дзедава паляўнічая стрэльба ледзь ня стала зброяй для забойства чалавека, празь якога загінуў прадзед Амяльян Марціновіч. Як гэта здарылася, аўтар таксама расказаў у сваёй кнізе.

Гэта было ў 1943 годзе: у вёску ўварваліся нацыстоўскія карнікі і загадалі падлетку назваць мясцовых жыхароў, зьвязаных з партызанамі. Хлопец спалохаўся і наўгад пералічыў пяць імёнаў, у тым ліку Амяльяна Марціновіча. У той жа дзень усіх адвезьлі ў Глуск, у мясцовае СД, узялі ў закладнікі. Тым часам вясковыя, набраўшыся сьмеласьці, пайшлі ў Глуск да немцаў і сталі прасіць за землякоў, маўляў, тыя ні ў чым не вінаватыя. Паводле ўспамінаў, нейкі служылы ім нібыта нават паспачуваў, але разьвёў рукамі: «Што зробіш — вашых ужо расстралялі», — расказаў Марціновіч на прэзэнтацыі.

Кропку ў гісторыі паставіў 1963 год. Тады, адбыўшы 15 гадоў за здраду, зь лягеру вярнуўся той самы хлопчык, якога карнікі прымусілі агаварыць пяцёх жыхароў вёскі, уключна з Амяльянам Марціновічам. Вось тады Віктараў дзед і дастаў са схованкі стрэльбу і ўжо быў выходзіў зь ёю, як да яго кінулася бабуля.

Дзед быў вэтэранам, слова «заб’ю» азначала, што пэўна зробіць, але бабуля загаласіла:

«Сам вырас бяз бацькі і дзяцей хочаш пакінуць сіротамі? Не пушчу».

Гэтую гісторыю мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч у сваёй новай кнізе суправаджае згадкамі і разважаньнямі пра творы мастакоў Адраджэньня Рафаэля Санці і Батычэлі, а таксама сучасьнікаў згаданых падзеяў — мастака Юдаля Пэна і ягонага вучня Марка Шагала, іншых славутых творцаў, якія ўзбагацілі сусьветную культуру ня толькі карцінамі, але і жыцьцём, досьведам, думкамі, перажытымі пачуцьцямі.

Кніга пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця»
Кніга пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця»

Кніга выйшла на ангельскай мове ў выдавецтве Routledge, якое месьціцца ў Оксфардзе. Купіць кнігу можна на пляцоўцы Аmazon, яна каштуе каля 200 эўра. Таксама яе можна замовіць для чытаньня ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы.

А на недалёкую будучыню Віктар Марціновіч рыхтуе новую мастацкую кнігу «Глыбіня». «Гэта будзе раман пра тое, што мы ўсе перажываем», — сказаў на прэзэнтацыі пра будучую кнігу аўтар.

Віктар Марціновіч — аўтар 8 раманаў, ляўрэат літэратурнай прэміі ESFS Awards-2014 за кнігі «Сфагнум» і «Параноя» і літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы за раман «Сьцюдзёны вырай».

Кніга пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця»
Кніга пісьменьніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасьці супраць забыцьця»


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG