Дзяржаўная авіякампанія Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) FlyDubai прадоўжыла скасаваньне рэйсаў у Менск да 31 студзеня.
Як паведамілі ў Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацыяў Беларусі, раней кампанія тлумачыла перанос сваіх рэйсаў зь Менску ў Маскву «апэрацыйнымі прычынамі».
У новым паведамленьні FlyDubai адзначаецца, што «альтэрнатыўныя рэйсы з [маскоўскага аэрапорту] Унукава і трансфэры працягваюць выконвацца ў ранейшым рэжыме».
У Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый Беларусі мяркуюць, што гэтае паведамленьне «не дадае аптымізму».
«Спачатку турыстычныя кампаніі лічылі, што праблему ў аглядныя тэрміны вырашаць, рэйсы FlyDubai вернуцца ў Менск, бо розныя пераносы, скасаваньні, форс-мажоры — ня рэдкасьць у турызьме, трэба патрываць. Але няпэўнасьць яўна зацягнулася», — адзначылі ў арганізацыі.
У беларускіх турыстаў цяпер толькі два варыянты: адмовіцца ад тураў, рызыкуючы страціць грошы, або пагадзіцца на новыя ўмовы — дабірацца ў Маскву і вяртацца назад у аўтобусе, які арганізуе кампанія FlyDubai.
«Аб’ектыўна ні беларускія турфірмы, ні кліенты ня маюць добрага выйсьця з сытуацыі. Для рынку захоўваецца няпэўнасьць, турфірмы і турысты нясуць страты, у кліентаў зрываюцца адпачынкі», — паведамілі ў Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацыяў Беларусі.
Беларускія турысты карысталіся паслугамі FlyDubai для паездак на курорты ААЭ, а таксама выкарыстоўвалі рэйсы кампаніі для стыковак пры падарожжах на Мальдывы і ў іншых папулярных кірунках.
Авіяцыйныя ўлады Беларусі не камэнтуюць сытуацыю.
У чэрвені 2025 году авіякампанія FlyDubai скасоўвала рэйсы ў Менск праз абвастрэньне адносінаў паміж Ізраілем і Іранам. Авіякампанія FlyDubai — партнэр Нацыянальнага аэрапорту «Менск» зь лютага 2021 году. Яна выконвала штодзённыя палёты Дубай — Менск.
Форум