34-гадовы беларус скокнуў у канал у нідэрляндзкім Эйндговэне, каб выратаваць жанчыну, машына якой правалілася ў ледзяную ваду.
Інцыдэнт адбыўся каля 10-й раніцы па мясцовым часе ў пятніцу, 9-га студзеня, паведамляе выданьне Hart van Nederland.
Жанчына няправільна павярнула каля моста і зьехала ў канал. Убачыўшы, што машына тоне, мужчына адразу ж скочыў у ваду, даштурхаў машыну на процілеглы бок канала і там, з дапамогай мінакоў, выцягнуў жанчыну на бераг.
Супрацоўнікі крамы непадалёк дапамаглі жанчыне і яе выратавальніку, а іх агледзелі супрацоўнікі хуткай дапамогі, паведамілі прадстаўнікі Цэнтральнага агенцтва па прыёме асоб, якія шукаюць прытулку (COA). Рэч у тым, што беларус, які ўратаваў жанчыну, раней падаўся на прытулак у Нідэрляндах, і жыве ў адпаведным цэнтры, піша Hart van Nederland.
Іншае нідэрляндзкае выданьне, Eindhovens Dagblad, называе імя беларуса — Дзьмітры Вярбіцкі, і цытуе яго: «Я не ведаю, адкуль у мяне ўзяліся сілы, я проста зрабіў гэта».
Форум