Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве суд прызнаў незаконным разварот мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю


Літоўская мяжа, архіўнае фота
Літоўская мяжа, архіўнае фота

«Супрацоўнікі VSAT, прымусова выціскаючы заяўніка з тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і не даючы яму рэальнай магчымасьці падаць прашэньне аб узычэньні прытулку, дзейнічалі незаконна», — гаворыцца ў вызначэньні Галоўнага адміністрацыйнага суду Літвы ад 30 сьнежня, апублікаваным на гэтым тыдні.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) у камэнтары для LRT заявіла, што «ацэніць аргумэнты» суду.

«VSAT у сваёй дзейнасьці заўсёды кіруецца палажэньнямі і патрабаваньнямі дзейных у Літве прававых актаў, служба ацэніць аргумэнты, выкладзеныя ў вызначэньні суда», — заявіў у пісьмовым адказе прэс-сакратар Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.

Мішуціс не ўдакладніў, ці зьменіць рашэньне суду парадак прыёму прашэньняў аб прытулку на мяжы або дзеяньні супрацоўнікаў пры развароце мігрантаў, што перайшлі мяжу па-за пунктамі пропуску.

Пазоў падаў грамадзянін Шры-Ланкі, якога ў кастрычніку 2023 году разам зь іншымі мігрантамі выціснулі назад у Беларусь. Празь некалькі содняў, праведзеных у прымежных лясах, ён трапіў у літоўскі шпіталь з абмарожаньнямі.

«Гэта першая справа, у якой адмова прыняць прашэньне пра ўзычэньне прытулку ў памежным пункце прызнана незаконнай», — паведаміў парталу LRT.lt юрыст Рыціс Саткаўскас, які прадстаўляў інтарэсы заяўніка.

Суд адзначыў, што адказнасьць за тое, што адбылося, нясе і сам заяўнік, які выбраў «спосаб незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Эўрапейскага зьвяза ў халодную паравіну году». А таксама і прадстаўнікі рэжыму Беларусі, якія «неаднаразова прымушалі яго спрабаваць перасекчы мяжу і не дазвалялі вярнуцца ў жылыя населеныя пункты». Разам з тым у рашэньні суду пазначана, што сваімі дзеяньнямі да здарэньня датычныя і супрацоўнікі VSAT.

У той жа групе мігрантаў быў і грамадзянін Сырыі, якому пасьля праз абмарожаньне ампутавалі канцавіны, паведаміла ў сераду ў прэс-рэлізе няўрадавая арганізацыя Sienos grupė.

Яшчэ ў жніўні 2021 году Літва прыняла рашэньне разварочваць мігрантаў, якія перайшлі мяжу па-за пунктамі пропуску. З гледжаньня міжнароднага права такія дзеяньні незаконныя, аднак нярэдка практыкуюцца дзяржавамі, якія сутыкнуліся зь міграцыйнымі крызісамі.

Літва абгрунтоўвала гэтыя меры нормамі нацыянальнага заканадаўства і загадам міністра ўнутраных спраў, адзначаючы, што гэтыя меры скіраваныя на стрыманьне крызісу, справакаванага рэжымам Беларусі дзеля ціску на Літву.

Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG