Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Le Figaro: у Францыі знайшлі цела загінулага расейскага журналіста. Ён выпаў з 7 паверху будынку, у якім жыў

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 6 студзеня ў францускай камуне Мэдон знайшлі мёртвым расейскага журналіста, які ўцёк у Францыю.

Як паведаміла выданьне Le Figaro з спасылкай на крыніцу ў паліцыі, мужчына выпаў з акна сваёй кватэры на сёмым паверсе.

У яго кватэры паліцыянты выявілі крэсла, пастаўленае каля вакна, а таксама лекі ў вядры для сьмецьця. Паводле выданьня, журналісту было 38 гадоў, іншыя дэталі невядомыя.

Разглядаецца вэрсія самагубства. Паліцыянты пачалі расьсьледаваньне для высьвятленьня «абставінаў сьмерці і асобы загінулага». Паводле інфармацыі Le Figaro, журналіст атрымліваў пагрозы з Расеі.

У кватэры знаходзіўся сусед загінулага, які быў у стане шоку і размаўляў толькі па-расейску, таму пакуль невядома, ці быў ён сьведкам здарэньня. Яго даставілі ў шпіталь пад канвоем паліцыі.

Расейскі журналіст Дзяніс Балашоў, які жыве ў Парыжы, пазьней паведаміў, што загінулы — Яўгеній Сафронаў — выехаў з Расеі да пачатку вайны пасьля прызнаньня выданьня, у якім той працаваў, «замежным агентам».

У канцы 2024 году Сафронава звольнілі, у выніку ён ня змог прадоўжыць дакумэнты і мусіў выехаць з Францыі спачатку ў Індыю, а потым у Турэччыну. Ён вярнуўся ў Францыю толькі праз паўгоду, калі змог атрымаць францускую візу.

«Быў у дэпрэсіі, тыдзень таму паведаміў аб узломе яго тэлефонаў, сацыяльных сетак, мэсэнджараў, акаўнту на партале дзяржаўных паслугаў, што канчаткова вывела яго з раўнавагі. Раніцай 6 студзеня ён налажыў на сябе рукі», — паведаміў Дзяніс Балашоў.

Паводле Дзяніса Балашова, у паліцыі не выключаюць, што Сафронаву пагражалі забойствам, але Яўгеній не расказваў яму аб такіх фактах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG