Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша Ніва»: выйшаў на свабоду блогер Павал Сьпірын


Павал Сьпірын
Павал Сьпірын

Ён правёў у зьняволеньні больш за пяць гадоў.

Стала вядома пра вызваленьне 42‑гадовага палітычнага блогера Паўла Сьпірына, піша «Наша Ніва». Апошнім часам палітвязьня трымалі ў Горках у калёніі для «рэцыдывістаў» разам з Алесем Бяляцкім.

Павал — юрыст з адукацыі. Працаваў у дзяржаўным камунальным прадпрыемстве, але яго звольнілі з працы, калі ён узяў удзел у парлямэнцкіх выбарах. Пасьля таго Сьпірын пачаў займацца сваёй старонкай на відэаплятформе YouTube. Ягоныя палітычныя відэа зьбіралі сотні тысяч праглядаў.

У 2020 годзе блогер спрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты, але ягоную ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Тады ён стаў даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай.

Павал рэзка выказваўся пра Лукашэнку ў сваім выступе на пасяджэньні ЦВК, якое трансьлявалася ў жывым этэры, што магло стаць адной з прычын перасьледу.

Сьпірына арыштавалі ў верасьні 2020 году. Яму прысудзілі 4,5 года калёніі за «распальваньне варожасьці» ў адносінах беларускіх уладаў за два фільмы — пра наркабізнэс, якому спрыяюць найвышэйшыя міліцэйскія чыноўнікі, і пра тагачаснага генэральнага пракурора Аляксандра Канюка. Цяпер гэтыя відэа выдаленыя з плятформы.

Прысуд выносіла судзьдзя Менскага гарадзкога суду Дзіна Кучук.

Блогер сядзеў у Бабруйску. Перад плянаваным вызваленьнем на яго завялі новую крымінальную справу за «непадпарадкаваньне адміністрацыі». Сьпірыну прысудзілі яшчэ год зьняволеньня і адправілі ў калёнію ў Горках, дзе ўтрымлівалі разам з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім.

Па сканчэньні дадатковага гадавога пакараньня Сьпірына вызвалілі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG